Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр.б.СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.
Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.
Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛЁК,
пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел.М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.
Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.