Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ (Fermi) Энрыка (29.9.1901, Рым — 29.11.1954),
італьянскі фізік, адзін са стваральнікаў ядз. і нейтроннай фізікі, заснавальнік навук. школ у Італіі і ЗША. Чл.Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1935). Замежны чл.-кар.АНСССР (1929). Скончыў Пізанскі ун-т (1922). З 1926 праф. Рымскага ун-та. З 1938 у ЗША. З 1939 праф. Калумбійскага, з 1942 — Чыкагскага ун-та, у 1944—45 у Лос-Аламаскай лабараторыі, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, статыстычнай механіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і тэхн. фізіцы. Распрацаваў квантавую статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл.Фермі—Дзірака статыстыка), тэорыю бетараспаду (1934). Адкрыў штучную радыеактыўнасць, выкліканую бамбардзіроўкай атамных ядзер нейтронамі і з’яву запавольвання нейтронаў у рэчыве (у сааўт.; 1934). Пабудаваў першы ў свеце ядз. рэактар, на якім атрымаў ланцуговую ядз. рэакцыю (1942). Разам з Я.Ч.Янгам прапанаваў састаўную мадэль элементарных часціц (1949; мадэль Фермі—Янга), адкрыў адронны рэзананс (1952). Яго імем названы хім. элемент фермій, квантавая вадкасць і газ (гл.Фермі-вадкасць, Фермі-газ), часціцы з паўцэлым спінам ферміёны, таксама прэстыжная прэмія па фізіцы ў ЗША і інш. Нобелеўская прэмія 1938.
Тв.:
Рус.пер. — Научные труды. Т. 1—2. М. 1971—72.
Літ.:
Ферми Л. Атомы у нас дома: Пер. с англ. 2 изд. М., 1959;
Лятиль П. Энрико Ферми: Пер. с фр.М., 1965;
Сегре Э. Энрико Ферми — физик: Пер. с англ.М., 1973.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Фермі Э. 4/204; 5/53; 6/256; 8/84; 9/246; 10/61, 566—567; 11/525
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ-ГАЗ,
газ з часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), якія падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Да Ф.-г. адносяць электроны ў металах і паўправадніках, нуклоны ў цяжкіх атамных ядрах і інш. Ф.-г., які складаецца з неўзаемадзейных часціц, наз.ідэальным. Пры абсалютным нулі тэмпературы ўсе часціцы яго запаўняюць квантавыя станы з энергіяй, якая не перавышае Фермі энергіі, станы з энергіяй, большай за энергію Фермі, застаюцца не запоўненымі (поўнае квантавае выраджэнне Ф.-г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ЭНЕ́РГІЯ,
значэнне энергіі сістэмы ферміёнаў, ніжэй якога пры абсалютным нулі т-ры ўсе энергет. станы сістэмы занятыя. Існаванне Ф.э. вынікае з Паўлі прынцыпу, паводле якога ў адным стане не можа знаходзіцца больш за 1 ферміён.
Значэнне Ф.э. істотна залежыць ад уласцівасцей сістэмы. Для выраджанага фермі-газу Ф.э. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу, ферміёны ў імпульснай прасторы займаюць станы ўнутры сферы. Газ электронаў праводнасці ў металах і выраджаных паўправадніках запаўняе паверхню больш складанай формы (гл.Фермі паверхня). Паняццем Ф.э. карыстаюцца ў фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, астрафізіцы і інш.Гл. таксама Фермі ўзровень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ-ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, у якой элементарныя ўзбурэнні (квазічасціцы) маюць паўцэлы спін і падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Гл. таксама Квантавая вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ПАВЕ́РХНЯ,
ізаэнергетычная паверхня ў прасторы імпульсаў квазічасціцы, што адпавядае пэўнаму значэнню Фермі энергіі. Аддзяляе вобласць занятых электронных станаў, энергет. спектр якіх вызначаецца Фермі—Дзірака размеркаваннем (адсюль назва), ад вобласці, дзе пры абсалютным нулі т-ры электронаў няма. Бывае адкрытая (неперарыўна праходзіць праз усю прастору квазіімпульсаў) і замкнутая (распадаецца на поласці, кожная з якіх размяшчаецца ў элементарнай ячэйцы гэтай прасторы). Тапалагічная структура Ф.п. абумоўлівае асаблівасці электронных характарыстык металаў (цеплаёмістасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці і інш.).