ФЕ́МЫ,

ваенна-адм. акругі ў Візантыі ў 7—13 ст. Узніклі пасля распаду познарым. правінцыяльнай сістэмы з яе дакладным падзелам на ваен. і грамадз. функцыі. На чале Ф. стаялі стратыгі, якія засяроджвалі ў сваіх руках ваен. камандаванне, суд. ўладу і падатковае кіраванне. З 8 ст. пачалося драбленне Ф. і абмежаванне ўлады стратыгаў. У 11 ст. Ф. ператварыліся ў дробныя ваен. акругі, якія аб’ядноўваліся ў дукаты і катэпанаты. Да 13 ст. Ф. захаваліся толькі ў Нікейскай імперыі. У 14 ст. фемную сістэму замянілі ўдзелы.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТЫ́Г (грэч. strategos),

у Візантыі з канца 7 ст. намеснік фемы (ваен.-адм. акругі), які валодаў у ёй ваен. і цывільнай уладай. З 11 ст. цывільныя функцыі ад С. перайшлі да суддзі або прэтара, а ваен. — да вышэйшых военачальнікаў (дукаў і катэпанаў), якія ўзначальвалі ўзбуйненыя фемы, а С. сталі нач. гар. і крапасных гарнізонаў. Ін-т С. знік у 12 ст. ў сувязі з распадам фемнай сістэмы.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЎРЫ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

ці Сірыйская, дынастыя візантыйскіх імператараў (717—802). Заснавальнік — выхадзец з Сірыі Леў III, якога памылкова лічылі родам з Ісаўрыі (паўд. вобласць М. Азіі). Пры І.д. становішча Візантыі ўмацавалася, сфарміравалася фемная сістэма ўпраўлення (гл. Фемы), заснаваная на падатковых павіннасцях і ваен. службе свабодных сялян. Імператары І.д. паспяхова ваявалі з арабамі і балгарамі, імкнуліся замацаваць адзінства шматплемянной імперыі, у ходзе барацьбы супраць т. зв. абразашанавання канфіскоўвалі царк. і манастырскія багацці. Прадстаўнікі дынастыі: Леў III [717—741], Канстанцін V [741—775], Леў IV [775—780], Канстанцін VI [780—797], Ірына, жонка Льва IV [797—802].

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НІКІ, Саланікі,

Фесалонікі (Thessalonikē),

горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн. ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.

Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст. н.э. — адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.

Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант. гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л. св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.​Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.
Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.

т. 14, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)