КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.І.Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)