Міжнародны фанетычны алфавіт 10/281
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Фанетычны прынцып напісання 1/463
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ШНІКАВА Кіра Кір’янаўна (20.2.1897, г. Фергана, Узбекістан — 27.4.1978),
бел. і рус. педагог, мовазнавец. Праф. (1964). Скончыла Вышэйшыя навук.-пед. курсы пры 2-м Маскоўскім ун-це (1928). З 1947 у Маскоўскім пед. ін-це замежных моў, з 1967 — заг. кафедры эксперым. фанетыкі ў Мінскім пед. ін-це замежных моў. Аўтар шэрагу даследаванняў па фанетыцы франц. мовы: інтанацыі і рытміцы, слоўным і фразавым націску; па агульных пытаннях прасодыі, інтанацыі і фанетычнай стылістыкі. У сааўт. выдала «Уводна-карэктыўны фанетычны курс французскай мовы» (1974). Пад яе навук. кіраўніцтвам падрыхтавана плеяда бел. раманістаў і фанетыстаў.
Г.А.Мятлюк.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕ́ТЫКА (грэч. phonētikos гукавы),
раздзел мовазнаўства, які вывучае акустычныя і артыкуляцыйныя ўласцівасці гукаў мовы, спосабы ўтварэння гукаў, асаблівасці ўспрымання гукавой мовы чалавекам. У Ф. часта ўключаюць і вучэнне пра функцыянаванне гукаў (гл. Фаналогія).
Ф. падзяляецца на апісальную (агульную, прыватную і эксперыментальную) і гістарычную. Агульная Ф. вызначае магчымасці моўнага апарату чалавека, агульныя акустычныя ўласцівасці гукавой мовы і яе ўспрымання; распрацоўвае фанетычны алфавіт для запісу (транскрыпцыю) мовы, адназначны для ўсіх даследчыкаў. Прыватная Ф. апісвае гукавыя асаблівасці канкрэтнай мовы. У эксперыментальнай Ф. выкарыстоўваюць розныя тэхнічныя (пераважна электронна-акустычныя) апараты. Гістарычная Ф. даследуе змены гукавога боку мовы на працягу яе гісторыі і прычыны гэтых змен. Ф. вывучае гукавую матэрыю мовы ў артыкуляцыйным, акустычным перцэптыўным і функцыянальным аспектах. Фанет. веды служаць таксама прыкладным мэтам: пры навучанні роднай і замежным мовам, пры лячэнні моўных расстройстваў, пры канструяванні сродкаў сувязі, пры аўтаматычным распазнаванні мовы і інш. Ф. бел. мовы распрацоўвалі Я.Ф.Карскі, Ц.П.Ломцеў, І.В.Воўк-Левановіч, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, Ф.М.Янкоўскі, П.Я.Юргелевіч, Л.Ц.Выгонная, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны, В.М.Чэкман і інш. Фанет. даследаванні вядуцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, Мінскім лінгвістычным ун-це і інш. Шэраг эксперыментальных прац па інтанацыі бел. мовы выкананы рус. (Т.М.Нікалаева) і ўкр. (А.І.Багмут) вучонымі.
Літ.:
Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія. Мн., 1961;
Падлужны А.І. Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы. Мн., 1977;
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.
А.І.Падлужны.
т. 16, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія), правапіс,
сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.
Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 1, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)