Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́Ж (ад франц. montage пад’ём, устаноўка, зборка),
зборка і злучэнне частак (вузлоў, элементаў) у адзінае цэлае, іх устаноўка, замацаванне, наладка.
М. будаўнічых канструкцый уключае злучэнне элементаў (канструкцый) заводскага вырабу, іх пад’ём, перамяшчэнне да месца ўстаноўкі, навядзенне і ўстаноўку ў праектнае становішча. Робіцца з дапамогай буд.-мантажных кранаў (гл.Пад’ёмны кран) і мантажных прыстасаванняў. М. абсталявання ўключае ўстаноўку ў праектнае становішча і замацаванне тэхнал. абсталявання, далучэнне да яго камунікацый, што забяспечваюць падачу электраэнергіі, сыравіны, вады, пары, сціснутага паветра, сродкаў кантролю і аўтаматыкі, наладку і ўвод у эксплуатацыю. Робіцца звычайна спец. мантажнымі арг-цыямі або заводамі-вытворцамі абсталявання. М. электроннай апаратуры — асн. працэс зборкі апаратуры з асобных электра- і радыёэлементаў, электраізалюючых дэталей, нясучых канструкцый (шасі, платы) і злучальных правадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТОНАЗМЯША́ЛЬНІК, бетонамяшалка,
устаноўка ці машына, дзе змешваюць кампаненты бетоннай сумесі (вяжучае рэчыва, напаўняльнікі, ваду, дабаўкі). Бываюць цыклічнага дзеяння, якія загружаюць матэрыяламі толькі пасля атрымання папярэдняй порцыі (аб’ём порцыі гатовай сумесі 60—1600 л), бесперапыннага дзеяння (прадукцыйнасць 5—120 м³/гадз), перасоўныя і стацыянарныя, гравітацыйныя (з вярчальным барабанам) і з прымусовым мяшаннем кампанентаў. Бетоназмяшальнік на аўтамаб. шасі (аўтабетоназмяшальнік) дастаўляе сумесь да месца работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, у якой робіцца заліўка какіля вадкім металам, цвярдзенне адліўкі і яе выбіванне, ачыстка і афарбоўка раскрытага какіля, устаноўка ліцейных стрыжняў (у т. л. разавых пясчаных). Бываюць адна- і шматпазіцыйныя (карусельныя, канвеерныя). На аднапазіцыйных універсальных К.м., мяняючы какілі, атрымліваюць адліўкі рознай канфігурацыі і масы. У шматпазіцыйных К.м. на вярчальным стале або транспартавальным прыстасаванні (канвееры) перамяшчаюцца аднапазіцыйныя машыны або какілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,
асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫў будаўніцтве,
работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у т. л. паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш.буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЕ ЛІЦЦЁметалаў і сплаваў,
тэхналагічны працэс атрымання зліткаў-загатовак з металаў ці сплаваў, заснаваны на бесперапынным руху металу адносна зон заліўкі і крышталізацыі. Робяць на машынах бесперапыннага ліцця. Упершыню выкарыстана ў каляровай металургіі, потым для разліўкі сталі.
Бесперапыннае ліццё сталі: а — схема ліцця; б — устаноўка для разліўкі з прамой вертыкальнай шахтай ахаладжальніка; в — з выгнутай шахтай; 1 — шахта ахаладжальніка; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — залівачны коўш; 4 — стопар для закрыцця адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
комплекс работ па ўзвядзенні збудаванняў і канструкцый з маналітнага жалезабетону. Уключаюць апалубачныя (гл. ў арт.Апалубка), арматурныя работы і бетонныя работы. Выконваюцца ў паслядоўнасці: выраб і мантаж арматурных каркасаў, сетак і асобных стрыжняў; устаноўка апалубкі; прыгатаванне, транспартаванне, укладка і ўшчыльненне бетоннай сумесі; догляд бетону ў перыяд яго цвярдзення; распалубка пасля дасягнення бетонам неабходнай трываласці. Зманціраваныя арматурныя каркасы могуць выкарыстоўвацца пры ўстаноўцы апалубкі для яе фіксацыі ў патрэбным становішчы, а таксама для мацавання закладных дэталей.