Усомля (воз.) 5/373; 10/505, 521

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

УСО́МЛЯ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 14 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. больш за 2 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыбіня 3,2 м, даўж. берагавой лініі 7 км, пл. вадазбору 8,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на Пн 3—5 м), разараныя, на Пд пад лесам і хмызняком. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, на У і Пд сплавінныя (шыр. сплавіны 10—150 м), на ПнЗ і ПдУ стромкія, абразійныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно да глыб. 1,3—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей сапрапелем. Зарастае ў прыбярэжнай зоне на шыр. 15—170 м, да глыб. 1,4 м. Мінералізацыя вады да 130 мг/л, празрыстасць 0,3 м. Эўтрофнае. Выцякае ручай у воз. Канашы.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Самельскае (воз.), гл. Усомля

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сомельскае (воз.), гл. Усомля

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Усомельскае (воз.), гл. Усомля

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЦЕ́ЙКІС Леанід Іванавіч (1911, в. Усомля Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1944),

герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Паўн., Карэльскім франтах, Паўн. флоце. Электрык-пражэктарыст асобнага кулямётнага батальёна марской пяхоты старшына М. у час штурму ўмацаваных вышынь хрыбта Муста-Тунтуры закрыў сваім целам амбразуру варожага агнявога пункта. Пасмяротна ўзнаг. ордэнам Айч. вайны 2-й ступені.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШЫ́,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,6 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 880 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 4,2 км. Пл. вадазбору 18,5 км². Схілы катлавіны выш. 6—14 м, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадае ручай з воз. Усомля, выцякае ручай у воз. Гомель.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРЫ,

прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн. км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс. км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс. км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс. км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл. воз. Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).

Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).

У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.

Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.
Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.
Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.
Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтры Віцебскай вобл. Утвораны 17.4.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 33,8 тыс. чал. (2000), гарадскога 8,6%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Полацк. Уключае г. Наваполацк, г.п. Ветрына, 407 сельскіх населеных пунктаў, Ветрынскі пасялковы Савет, 19 сельсаветаў: Адамоўскі, Азінскі, Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Баравухскі, Вароніцкі, Гаранскі, Гомельскі, Заазерскі, Зялёнкаўскі, Маласітнянскі, Нацкі, Палатоўскі, Салоніцкі, Трудаўскі, Фарынаўскі, Шпакоўшчынскі, Экіманскі, Юравіцкі.

Тэр. раёна ў межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна плоская, ускладнена марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі; 65% яе на вышыні 125—150 м, 28% — 150—170 м. Найвыш. пункт 180 м (за 2 км на Пд ад г.п. Ветрына). Глыб. расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км². Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. — 7,2 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сосніца, Палата, Тураўлянка, Ушача з Нежлеўкай, Нача. На ўліку 191 возера з пл. больш за 5 га (61 мае рыбапрамысл. значэнне), найб. Янова, Вядзета, Чарвятка, Наўліцкае, Гомель, Болныра, Усомля. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,4 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,8 %), тарфяна-балотныя (13,2 %). Пад лесам [61% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, ёсць асінавыя і шэраальховыя лясы. Штучныя насаджэнні (пераважна хваёвыя) — 7,1 %. Пад балотамі 5 % тэрыторыі, найб. балоты Сосніца — Дражбітка, Судзіна, Замошша, Ізмацкае, Чарвятка. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (да 1999 біял.), біял. Лонна, гідралагічныя Вялікае Астравіта і Глыбокае-Чарбамысла. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун каля в. Свяціца, скопішча валуноў «Янава» (в. Бікульнічы), пагорак камавы «Валатоўка». Ахоўныя тарфянікі: Нядружынскае і Кляшторна. Зоны адпачынку «Азёрная» і «Туроўля».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 77,7 тыс. га, з іх асушаных 14,4 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 9 калгасаў, 13 саўгасаў, калектыўнае с.-г. прадпрыемства, 50 фермерскіх і 33 падсобныя гаспадаркі, птушкафабрыка. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, лёну, агародніны. Прадпрыемствы дрэваапр., першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), буд. матэрыялаў; каап. прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна, Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс; аўтадарогі Віцебск—Рыга, з Полацка на Віцебск, Лепель, Глыбокае, Міёры, Верхнядзвінск, Асвею, Апочку (Расія), Расоны; нафтаправоды Сургут—Полацк, «Дружба», прадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія), адгалінаванне ад газаправода Таржок (Расія) — Івацэвічы. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 7 пачатковых школ, школа-інтэрнат, 2 муз., 3 школы мастацтваў, СПТВ, Дом дзіцячай творчасці, аздараўленчы лагер «Чайка», 27 дашкольных устаноў, 45 б-к, 25 дамоў культуры, 12 клубаў, 6 бальніц, паліклініка, 6 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба і царква (пач. 20 ст.) у в. Бяздзедавічы, парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Рудня. Гіст. помнікі: рэшткі земляных умацаванняў (17 ст.) каля в. Кушлікі, замчышча Сітна (1563—1579) каля в. Малое Сітна, замчышча Туроўля (1563—1579) каля в. Туроўля. Выдаецца газ. «Полацкі веснік».

Г.​А.​Сакалова, Г.​С.​Смалякоў.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРЫ І ВАДАСХОВІШЧЫ

Азёры. На тэр. Беларусі больш за 10 000 азёр. Агульная іх плошча каля 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх каля 6 км³. Азёр плошчай 0,1 км² і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км² — 20. Самае вял. па плошчы воз. Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (43,8 км²). Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер’і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас. р. Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6500. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах 1 і 2.

Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невял. рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб’ядноўваецца р. Дзіва (бас. р. Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.

Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн. ч. краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на выш. да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыб. да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найб. разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.

Тэмпературны рэжым азёр абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, т-ра вады 18—20 °C (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) т-ра паніжаецца на 3—5 °C на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, т-ра каля 5—7 °C, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50—70 см, каля дна т-ра 3,5—4 °C, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.

Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад т-ры і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.

Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-кальцыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—300 мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны іон (HCO​3−), іон Ca​2+, Mg​2+, SO4​2−, Cl​−. Яны паступаюць у азёры з марэнных адкладаў, багатых вапнякамі і даламітамі. Хларыды (Cl​−) і сульфаты (SO4​2−) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык — актыўная рэакцыя вады (pH) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў pH роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з’яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя (<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.

Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сіне-зялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).

Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінер. адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30—50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыб. 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найб. — да 15—20 м; агульныя запасы — 1387 млн. м³. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12—12,5 тыс. гадоў і прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб’і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12 тыс. гадоў.

Паводле агульназанальных і азанальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асн. генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі, гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй т-ры вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (pH) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іх значная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінер. і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушка-сіговая. Азёры такога тыпу — Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінер. і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. З прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая pH. Іхтыяфауна. карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.

На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытв-сці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры.

В.​П.​Якушка.


Табліца 1
Азёры Беларусі з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
№ п/п Возера Макс. глыбіня, м Плошча, км Адміністрацыйны раён
1 Доўгае 53,6 2,6 Глыбоцкі
2 Рычы 51,9 12,84 Браслаўскі
3 Гінькава 43,3 0,51 Глыбоцкі
4 Воласа Паўд. 40,4 1,21 Браслаўскі
5 Балдук 39,7 0,76 Мядзельскі
6 Трошча 38,2 0,51 Ушацкі
7 Саро 36,3 5,31 Бешанковіцкі
8 Вячэлле 35,9 1,36 Ушацкі
9 Лепельскае 33,7 10,18 Лепельскі
10 Какісіна 33,5 0,78 Лепельскі
11 Сомінскае 33 0,41 Івацэвіцкі
12 Воўчын 32,9 0,53 Мядзельскі
13 Пліса 32,9 4,24 Глыбоцкі
14 Бабына 32,3 0,49 Полацкі
15 Полазна 32 0,15 Ушацкі
16 Круглік 31,5 0,4 Шумілінскі
17 Крывое 31,5 4,5 Ушацкі
18 Сянно 31,5 3,13 Сенненскі
19 Чорнае 31,5 0,36 Пастаўскі
20 Дрысвяты 31 44,5 Браслаўскі
21 Доўгае 31 1,87 Браслаўскі
22 Світа 31 0,82 Пастаўскі
23 Лясковічы 30,7 0,72 Шумілінскі
24 Замошша 30,7 0,33 Ушацкі

Табліца 2
Азёры Беларусі з пл. больш за 10 км²
№ п/п Возера Плошча, км² Макс. глыбіня, м Адміністрацыйны раён
1 Нарач 79,62 24,8 Мядзельскі
2 Асвейскае 52,8 (з в-вам) 7,5 Верхнядзвінскі
3 Дрысвяты 44,5 31 Браслаўскі
4 Чырвонае 43,79 4 Жыткавіцкі
5 Лукомскае 36,7 11,5 Чашніцкі
6 Дрывяты 36,14 12 Браслаўскі
7 Нешчарда 27,4 8,1 Расонскі
8 Выганашчанскае 26 2,5 Івацэвіцкі
9 Свір 22,28 8,7 Мядзельскі
10 Снуды 22 16,5 Браслаўскі
11 Чорнае 17,3 2,5 Бярозаўскі
12 Мядзел 16,2 24,6 Мядзельскі
13 Лісна 15,71 6,1 Верхнядзвінскі
14 Езярышча 15,39 11,5 Гарадоцкі
15 Сялява 15 17,6 Крупскі
16 Богінскае 13,23 15 Браслаўскі
17 Мястра 13,1 11,3 Мядзельскі
18 Струста 13 23 Браслаўскі
19 Рычы 12,84 51,9 Браслаўскі
20 Спораўскае 11,5 2,2 Бярозаўскі
21 Лосвіда 11,42 20,2 Гарадоцкі
22 Лепельскае 10,18 33,7 Лепельскі
Лукомскае возера.
Возера Нарач.
Браслаўская група азёр. Возера Струста.

Вадасховішчы. На тэр. Беларусі больш за 150 значных і каля 1,5 тыс. невялікіх вадасховішчаў — сажалак. Іх утвараюць шляхам падпруджвання ракі, возера ці групы азёр. Большасць іх размешчана на Пд Беларусі ў бас. рэк Дняпро (каля 50), Прыпяць (больш за 50), дзе мала азёр і адчуваецца недахоп водных рэсурсаў. Найбольшыя з вадасховішчаў Вілейскае (пл. 64,6 км², аб’ём 238 млн. м³) на р. Вілія, Заслаўскае (пл. 25,6 км², аб’ём больш за 100 млн. м³) на р. Свіслач, Чырвонаслабодскае (пл. 23,6 км², аб’ём 69,5 млн. м³) на р. Морач, Салігорскае (пл. 23,1 км², аб’ём 55,9 млн. м³) на р. Случ, Любанскае (пл. 22 км², аб’ём 39,5 млн. м³) на р. Арэса, Чыгірынскае (пл. 21,1 км², аб’ём 60 млн. м³) на р. Друць, Пагост (пл. 16,2 км², аб’ём 54,5 млн. м³) на месцы ч. Пагосцкага возера, Лактышы (пл. 15,9 км², аб’ём 50,2 млн. м³) на р. Лань, Асіповіцкае (пл. 11,9 км², аб’ём 17,5 млн. м³) на р. Свіслач і інш. Паводле характару ўтварэння і запаўнення вадой штучных чашаў вадасховішчы падзяляюць на рачныя (напр., Вілейскае, Асіповіцкае, Заслаўскае, Чыгірынскае), азёрныя (напр., Любанскае, Лукаўскае, Пагост, Гомельскай і Лепельскай ГЭС), кар’ерныя (на месцах б. здабычы нярудных карысных выкапняў; Гайдукоўка, Мароські, Крычаўскі). Паводле велічыні большасць вадаёмаў належыць да катэгорыі малых (76%; аб’ём вады 1—10 млн. м³), невялікіх (10—100) і сярэдніх (больш за 100 млн. м³; Вілейскае, Заслаўскае). Паводле відаў затрымання рачнога сцёку вадасховішчы бываюць дзённага, тыднёвага, гадавога і шматгадовага рэгулявання; пераважаюць вадасховішчы з гадавым рэгуляваннем сцёку. Паводле тыпу напаўнення адрозніваюць сцёкавыя, прыточна-сцёкавыя, прыточна-наліўныя і наліўныя вадасховішчы; наліўныя і прыточна-наліўныя вадасховішчы будуюць пераважна на Палессі. Паводле велічыні падпору (падняцця ўзроўню вады ракі ці возера) вадасховішчы падзяляюць на ўмерана-напорныя, сярэдненапорныя, нізканапорныя і вельмі нізканапорныя. Максімальная велічыня падняцця вады назіраецца на Вілейскім вадасховішчы (12 м). Большасць вадасховішчаў мае напор 2—3 м, што дазваляе пазбегнуць значных затапленняў сумежных зямель і парушэнняў экасістэм азёр. Раўнінны характар тэр. Беларусі не дазваляе будаваць вадасховішчы са значным аб’ёмам і напорам вады. Перспектыўным для краіны з’яўляецца будаўніцтва вадасховішчаў рэчышчавага тыпу, у якіх падняцце ўзроўню вады не перавышае ўзровень ракі ў паўнаводдзе (Гродзенскае, Віцебскае вадасховішчы — у перспектыве). Ад вярхоўяў да плаціны са зменай глыбінь і гідралагічных умоў у вадасховішчах фарміруюцца гідралагічныя зоны: прыплацінная (азёрная), сярэдняя пераходная (азёрна-рачная) і верхняя (рачная), а таксама ўчастак выкліньвання падпору. Вадасховішчы вельмі адрозніваюцца паводле велічыні каэфіцыента водаабмену (інтэнсіўнасці поўнага ўмоўнага абмену вады): да 25 разоў за год (праточныя), 25—75 разоў за год (добра праточныя) і больш за 75 разоў — моцна праточныя ці транзітныя. Паводле велічыні мінералізацыі вадасховішчы Беларусі належаць да сярэдне- і высокамінералізаваных (да 500 мг/л). Гідралагічны рэжым вадасховішчаў залежыць ад іх гасп. прызначэння, рэжыму выкарыстання, суадносін паміж паступленнем і расходам вады на гасп. патрэбы, характару рэгулявання.

Сучасныя вадасховішчы Беларусі фарміраваліся ў некалькі этапаў. Пасля 2-й сусв. вайны стваралі вадасховішчы з энергет. мэтамі. На рэках і азёрах будавалі міжкалгасныя і раённыя гідраэлектрастанцыі (ГЭС «Дружба народаў» на р. Дрысвята; Чыгірынская і Цяцерынская ГЭС на р. Друць; Заслаўская і Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач; Браслаўская ГЭС на р. Друйка; Ключагорская ГЭС на р. Обаль; Рачунская на р. Ашмянка; Лукомская на р. Лукомка; Войкаўская на р. Сэрвач і інш.). У канцы 1960-х г. невял. ГЭС закансерваваны ці дэманціраваны, аднак вадасховішчы пры большасці гідравузлоў захоўваюцца. Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў час масавай меліярацыі зямель. Іх выкарыстоўваюць для водазабеспячэння прамысл. цэнтраў (Вілейскае, Салігорскае), для рэалізацыі схем комплекснага выкарыстання водных і зямельных рэсурсаў рэк Палесся.

Гаспадарчае выкарыстанне. Азёры і вадасховішчы выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння водна-рэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі нар. гаспадаркі. Азёры-вадасховішчы з’яўляюцца басейнамі-ахаладжальнікамі вады пры ДРЭС (воз. Лукомскае, Белае), у якіх ёсць спрыяльныя ўмовы для развядзення расліннаедных рыб. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы дзейнічаюць Вілейскае, Заслаўскае, Чыжоўскае і інш. вадасховішчы. З канца 1990-х г. у створы гал. плаціны Вілейскага вадасховішча будуюцца 2 гідраэлектрастанцыі. З будаўніцтвам вадасховішчаў Крыніца і Дразды на Беларусі створаны першы каскад вадасховішчаў на р. Свіслач. У перспектыве на Беларусі плануецца аднавіць будаўніцтва вадасховішчаў пры малых ГЭС рэчышчавага тыпу. Прамысл. лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Пры Любанскім, Чырвонаслабодскім, Лактышы і інш. вадасховішчах пабудаваны поўнасістэмныя рыбныя гаспадаркі. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, буд. і хім. прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва. Толькі ў межах Беларускага Паазер’я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км², якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нац. паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.

Літ.:

Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье. Мн., 1971;

Якушко О.Ф. Озероведение. Мн. 1981;

Водохранилища Белоруссии: Природн. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991;

Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. Мн., 1994;

Лопух П.С. Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.

П.​С.​Лопух.

т. 18, кн. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)