ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

раздзел біялогіі, які вывучае будову і функцыянаванне жывых істот у змененых умовах гравітацыі. Гравітацыйнае поле Зямлі значна ўплывае на будову жывых арганізмаў, развіццё шкілетна-мышачнай сістэмы, сістэмы кровазвароту, фарміраванне антыгравітацыйных рэфлексаў. Успрыманне змяненняў гравітацыйнага поля звязана з развіццём гравірэцэпцыі, адбываецца праз вестыбулярны аналізатар, прапрыя- і інтэрарэцэпцыю. Асаблівае развіццё гравітацыйнай біялогіі атрымала ў сувязі з правядзеннем касм. даследаванняў і неабходнасцю высвятлення дзеяння на арганізм гравітацыйных перагрузак і бязважкасці. Гл. таксама Касмічная біялогія.

Літ.:

Дмитриев А.С. Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969;

Онтогенез млекопитающих в невесомости. М., 1988.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЯ́ЎСКІ Макс Самуілавіч

(8.8.1935, г. Магілёў — 21.7.1998),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1982), праф. (1985). Засл. эканаміст Рэспублікі Беларусь (1994). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1957). У 1983—93 у Бел. эканам. ун-це. З 1990 прэзідэнт Бел. саюза прадпрымальнікаў і арандатараў. Навук. працы па праблемах павышэння якасці, надзейнасці і доўгатэрміновасці прадукцыі, мадэліравання працэсу павышэння эфектыўнасці вытв-сці. Удзельнічаў у распрацоўцы асн. дзярж. праграм па станаўленні і фарміраванні рыначнай эканомікі на Беларусі.

Тв.:

Вопросы теории и оценки экономической эффективности народного хозяйства. Мн., 1976 (у сааўт.);

Развитие заинтересованности и ответственности: (Вопр. теории и практики). Мн., 1986;

Ускорение и экономика. Мн., 1988.

М.С.Куняўскі.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ Андрэй Сяргеевіч

(29.6.1925, С.-Пецярбург — 13.4.1989),

бел. вучоны-фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1972), д-р біял. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1954). З 1957 вучоны сакратар, з 1960 нам. дырэктара, адначасова (з 1970) заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. З 1973 Гал. вучоны сакратар Прэзідыума АН Беларусі, у 1978—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ўздзеянняў гравітацыі і вібрацыі на арганізм чалавека і жывёлы. Выявіў структурна-функцыян. арганізацыю некат. саматычных і вегетатыўных рэакцый арганізма на ўздзеянне дынамічных фактараў, вызначыў некат. механізмы ўзнікнення і развіцця гэтых рэакцый. Даследаваў ролю мацярынскага арганізма пры адаптацыі эмбрыёна і плода да пастаяннага ўздзеяння паскарэння і вібрацыі і механізмы фарміравання ў эмбрыягенезе і антагенезе кампенсаторных нейрагумаральных рэакцый арганізма на ўздзеянне гэтых фактараў.

Тв.:

Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)