Уранініт 3/149; 7/439; 9/35; 10/483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

УРАНІНІ́Т,

мінерал класа аксідаў, аксід урану, UO2. Мае 86,86% урану, прымесі радыю, актынію, торыю, свінцу, гелію і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, крыштал. і шчыльныя нацечныя агрэгаты (настуран, уранавая смолка), зямлістыя, парашкападобныя масы (уранавая чэрнь, уранавая вохра). Колер чорны. Бляск паўметал., смаляны. Цв. 6—7. Шчыльн. 8—10 г/см³. Радыеактыўны. Паходжанне пераважна пегматытавае, гідратэрмальнае. Руда на уран, радый і торый. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Індыі.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІХА́РСКІ СЛЮДАНО́СНЫ РАЁН,

у Індыі (штат Біхар), буйнейшы ў свеце. Даўж. 160 км, шыр. 16—25 км. Асваенне з 1848. Пегматытавыя жылы плагіяклаз-кварц-мускавітавага саставу залягаюць пераважна ў слюдзяных сланцах. Колькасць буйнакрышт. мускавіту ў жыльнай масе да 180 кг/м³, выхад ліставой слюды з сырцу каля 17%. Як спадарожныя здабываюць берыл, калумбіт, уранініт. Гал. пастаўшчык на сусв. рынак ліставой высакаякаснай слюды рубінавага колеру (бенгальская слюда). Фабрыкі ў г. Кодарма і Гірыдых.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для прамысл. здабычы урану. Вядома больш за 100 мінералаў, якія змяшчаюць уран. Найб. важныя з іх — уранініт, уранавая смолка, уранавая чэрнь, кафініт, бранерыт, уранафан, атэніт, тарберніт і інш. Звычайна У.р. комплексныя. Вылучаюць уласна уранавыя, уранаполіметал, медна-уранавыя, урана-ванадыевыя, золата-уранавыя, урана-торыевыя руды і інш. Адрозніваюць супербагатыя (больш за 0,3% U), багатыя (0,1—0,3%), радавыя (0,05—0,1%), убогія (0,03—0,05%) і забалансавыя (0,01—0,03%). Па паходжанні падзяляюцца на асадкавыя, інфільтрацыйныя (экзагенныя эпігенетычныя), гідратэрмальныя, магматагенныя і постмагматагенныя. Радовішчы ў Расіі, Германіі, Францыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Н (лац. Uranium),

U, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат н. 92, ат. м. 238,028; адносіцца да актыноідаў. Прыродны У. — сумесь 3 ізатопаў, ​238U (99,275%), ​235U (0,720%) і ​234U (0,005%; перыяд паўраспаду 2,454∙10​5 гадоў); ​235U і ​238U — роданачальнікі натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 3∙10​−4% па масе (гл. Уранавыя руды). Адкрыты ў выглядзе дыаксіду у 1789 ням. хімікам М.​Клапратам; названы ў гонар планеты Уран.

Серабрыста-белы метал, tпл 1135 °C. Існуе ў 3 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 669 °C устойлівая рамбічная мадыфікацыя α-U) шчыльн. 19 120 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; у злучэннях мае ступень акіслення ад +3 да +6, найб. устойлівыя злучэнні U (IV) i U (VI), для якога характэрна ўтварэнне ураніліона UO2​2+. Кампактны У. у паветры павольна акісляецца; з кіслародам утварае дыаксід UO2 (у прыродзе мінерал уранініт), октааксід трыурану U3O8 (мінерал настуран) — асн. кампанент уранавых хім. канцэнтратаў, трыаксід UO3 і інш. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў мінер. к-тах з утварэннем солей уранілу [напр.; нітрат уранілу UO2(NO3)2], якія звычайна маюць жоўты колер і добра раствараюцца ў вадзе і мінер. к-тах. Пры награванні У. узаемадзейнічае з вадародам, галагенамі (найважн. з галагенідаў У. — гексафтарыд UF6 — крышт. рэчыва, пры 56,5 °C узганяецца; выкарыстоўваюць для раздзялення ​235U і ​238U), азотам, вугляродам і інш. неметаламі. З металамі ўтварае сплавы з лепшымі, чым у чыстага У., мех. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць пераважна як ядзернае паліва, ​235U як крыніцу энергіі ў ядз. зброі (крытычная маса 50—60 кт), ​238 U для атрымання плутонію-239, ​233U як другаснае ядз. паліва, збеднены уранам-235 ​238U як ахоўны матэрыял пры паглынанні рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення і інш. У. і яго злучэнні — агульнаклетачныя яды, якія пашкоджваюць усе органы і тканкі, што абумоўлена хім. таксічнасцю і радыеактыўнасцю У.; ГДК для растваральных злучэнняў 0 015 мг/м³, для нерастваральных — 0,075 мг/м³.

Літ.:

Химия урана. М., 1989;

Химия актиноидов: Пер. с англ. Т. 1. М., 1991.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)