ЛЕГІСЛАТУ́РА [лац. lex (legis) закон + latus унесены, устаноўлены],

1) тэрмін паўнамоцтваў, а таксама перыяд дзейнасці выбранага прадстаўнічага органа.

2) Назва заканад. органаў у асобных дзяржавах, а таксама ў шэрагу штатаў ЗША.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́РСКАЕ НАГО́Р’Е (Dinarsko gorje),

нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭ́С-ВУЛКА́Н»,

акцыянернае таварыства, створанае на базе Пінскай запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан», існавала ў 1909—14. Праўленне знаходзілася ў Пінску. Акцыянерны капітал, унесены ўладальнікам ф-кі аўстрыйскім падданым пінскім купцом 1-й гільдыі І.​А.​Гальперыным і членамі яго сям’і, складаў 300 тыс. руб. У акц. т-ва ўвайшлі таксама лесапільныя з-ды, якія належалі Гальперыну. У 1909 на прадпрыемствах акц. т-ва працавала 680 чал. Ліквідавана напярэдадні 1-й сусв. вайны з-за нізкіх эканам. паказчыкаў. Прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасць І.​А.​Гальперына.

В.​М.​Сяховіч.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),

пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).

Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл. Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),

афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,

комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б. ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б. ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».

У.​М.​Вяроўкім-Шэлюта.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)