УЛІКО́ВАЯ СТА́ЎКА,
працэнтная стаўка для разліку ўліковага працэнта. Уяўляе сабой плату, што бяруць банкі (у асн. камерцыйныя) за авансаванне грошай у выглядзе куплі аблігацый, вэксаляў, каштоўных папер і інш. пазыковых абавязацельстваў да надыходу тэрмінаў іх аплаты. Камерцыйныя банкі, якія ажыццяўляюць аперацыі з камерцыйнымі вэксалямі прамысл. і гандл. фірм, адначасова ўжываюць некалькі У.с., якія адрозніваюцца ў Залежнасці ад тэрміну, што застаецца да аплаты абавязацельстваў і ступені надзейнасці, забяспечанасці ўліковых вэксаляў. Велічыня прыватнай У.с. мяняецца ў залежнасці ад ліквіднасці банка і агульнага стану ўліковага рынку. Афіцыйная У.с. выкарыстоўваецца цэнтр. банкам у аперацыях з камерцыйнымі банкамі і інш. крэдытна-фінансавымі ін-тамі па ўліку кароткатэрміновых дзярж. абавязацельстваў і перадыскантаванні камерцыйных вэксаляў. Прыватная У.с. звычайна вышэйшая за афіцыйную.
т. 16, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМУЛЯ́Р (ням. Formular ад лац. formula форма),
1) уліковая картка пэўнага ўзору ў бібліятэказнаўстве. Адрозніваюць Ф. кнігі і Ф. чытача. Ф. кнігі мае выхадныя звесткі (аўтар, загаловак, нумар тома ці выпуску, шыфр і інш.); Ф. чытача — пералік кніг, узятых у бібліятэцы, запіс асн. звестак Ф. кніг, дату выдачы.
2) Асобная кніга або бланк, куды заносяцца звесткі аб тэхн. стане, эксплуатацыі, рамонце якога-н. механізма, збудавання.
3) У дарэв. Расіі існавала паняцце «Ф.» як паслужны спіс дзярж. служачага (чыноўніка, ваеннаслужачага).
т. 16, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЎКА РЭФІНАНСАВА́ННЯ, уліковая, дысконтная стаўка,
працэнтная стаўка, пад якую цэнтр. банк краіны (напр., Нац. банк Рэспублікі Беларусь) выдае крэдыты камерцыйным банкам для папаўнення іх грашовых рэзерваў і крэдытавання прадпрыемстваў, камерцыйных фірм, прадпрымальнікаў. Мяняецца ў залежнасці ад попыту на крэдыты, існуючых рэсурсаў і тэмпаў інфляцыі. С.р. цэнтр. банк можа рэгуляваць узровень ліквіднасці камерцыйных банкаў, іх крэдытную актыўнасць, аб’ём грашовай масы ў краіне, а таксама валютны курс і плацежны баланс. Яна вызначае ўмовы рынку каштоўных папер, адлюстроўваецца на адносінах насельніцтва да ашчаджання і інвестыцый.
Літ.:
Деньги, кредит, банки. Мн., 1997;
Деньги. Кредит Банки. Ценные бумаги: Практикум. М., 2001.
М.Маркусенка.
т. 15, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў дзяржавы, крэдытна-фін. устаноў, накіраваных на падтрымку стабільнасці і ўмацаванне крэдытнай сістэмы. К.п. прадугледжвае стымуляванне крэдыту і грашовай эмісіі — крэдытная экспансія (пашырэнне крэдытнага ўплыву) або іх стрымліванне і абмежаванне — крэдытная рэстрыкцыя (перш за ўсё прадухіленне ўцечкі залатых і валютных запасаў за мяжу). Найб. пашыраныя метады К.п.: аперацыі на адкрытым рынку, змена рэзервовай нормы і ўліковай стаўкі. Аперацыямі на адкрытым рынку дзяржава памяншае або павялічвае прапанаванне грашовай масы і т. ч. стымулюе або стрымлівае крэдытныя магчымасці банкаў. Калі дзяржава скупляе каштоўныя паперы, яна не толькі павялічвае фін. магчымасці банкаў, але і сукупную грашовую масу ў абарачэнні, стымулюе рост дзелавой актыўнасці ў краіне. Пры рэгуляванні норм абавязковага рэзервавання недатыкальнага запасу грашовых сродкаў дзяржава павялічвае або памяншае сукупную грашовую масу. Пры павышэнні нормы магчымасці банкаў крэдытаваць эканоміку скарачаюцца, што, у сваю чаргу, выклікае рост працэнтаў за крэдыт, памяншае попыт на пазыковыя сродкі. Змена ўліковай (дысконтнай) стаўкі звязана з ператварэннем нац. (цэнтр.) банка ў крэдытора камерцыйных банкаў. Пры павелічэнні стаўкі па крэдытах (уліковая і стаўка дысконту) нац. банк заахвочвае інш. крэдытныя ўстановы скарачаць запазычанасць і наадварот. Разам з тым эканам. наступствы такога рэгулявання маюць двайное значэнне: павышэнне нормы з’яўляецца важным сродкам барацьбы з інфляцыяй, але выклікае скарачэнне вытв-сці, рост беспрацоўя і сац. напружанасць у грамадстве; зніжэнне нормы ўліковай стаўкі садзейнічае выхаду з крызісу, але выклікае рост інфляцыі. Метады ўздзеяння на крэдытную сістэму, у залежнасці ад эканам. кан’юнктуры і ступені разладжанасці фін. сістэмы, могуць дапаўняцца і шэрагам іншых, напр., правядзеннем грашовых рэформ, скарачэннем крэдытавання прадпрыемстваў, павелічэннем або памяншэннем статутнага капіталу банкаў, амартызацыйнай палітыкай і інш.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)