АДХІЛЯ́ЮЧАЯ СІ́ЛА ВЯРЧЭ́ННЯ ЗЯМЛІ́,

адна з сіл інерцыі, якая дае магчымасць улічваць уплыў вярчэння Зямлі вакол сваёй восі на рух любога цела адносна зямной паверхні; прыватны выпадак Карыяліса сілы. Адхіляе целы, якія рухаюцца ўздоўж зямной паверхні, управа ў Паўн. паўшар’і, улева — у Паўднёвым; адыгрывае значную ролю ў развіцці атм. працэсаў, змене контураў берагоў рэк і інш.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЗАКО́Н , Бэра — Бабінэ закон, тлумачыць адхіленне цячэння і падмыў берагоў рэк уплывам сутачнага вярчэння Зямлі. Абгрунтаваны ў 1857 К.М.Бэрам, які паказаў, што руславы паток рэк мерыдыянальнага напрамку пад уздзеяннем Карыяліса сілы адхіляецца ў Паўн. паўшар’і ўправа і падмывае правы бераг, у Паўд.улева і падмывае левы бераг. Франц. вучоны Ж.Бабінэ даказаў, што так адхіляюцца ўсе рэкі, незалежна ад напрамку цячэння. Сіла Карыяліса на экватары роўная нулю і павялічваецца ў напрамку да полюсаў, а сіла адхілення патоку прапарцыянальная масе вады, таму Бэра закон найб. праяўляецца на вял. рэках сярэдніх шырот (Дняпро, Волга, Дунай, Парана, Уругвай і інш.).

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ

(БПС-Ф),

палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.

М.С.Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)