ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЗАКА́З (дзяржзаказ),
заданне дзяржавы прадпрыемствам (аб’яднанням) на вытв-сць і пастаўкі якой-н. прадукцыі ў пэўнай колькасці або аб’ёме. У склад Дз.з. могуць уключацца заданні на ўвод у дзеянне вытв. магутнасцей і аб’ектаў сац. сферы за кошт цэнтралізаваных капітальных укладанняў; ён можа размяшчацца на конкурснай аснове і абавязковы для ўключэння ў вытв. план. Пры выдачы Дз.з. прадугледжваецца ўзаемная адказнасць бакоў — выканаўцы і заказчыка; ён у першую чаргу забяспечваецца фін. і матэрыяльнымі рэсурсамі, гарантаваным збытам прадукцыі і інш. льготнымі ўмовамі.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ колавых машын,
элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.
т. 10, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)