НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),

дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУШЧЭ́ННЕ,

паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.

Л.​В.​Круглоў.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,

сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.

Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)