КАНАШЭ́НКА (Сцяпан Мікалаевіч) (1909, в.Узніцы Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 25.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў пач. школу. Працаваў рахункаводам. У Чырв. Арміі з пач. 1942, на фронце са снеж. 1942. У ноч на 24.9.1943 група разведчыкаў на чале са старшыной роты К. фарсіравала Дняпро, захапіла плацдарм у раёне в. Пекары (Чаркаская вобл., Украіна) і больш як суткі яго ўтрымлівала. Загінуў пры пераправе на левы бераг Дняпра з данясеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ННА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Лонніца (выцякае з возера) і Палата, за 18 км на ПнУ ад г. Полацк, за 1,8 км. на ПнЗ ад в.Узніцы, на тэр.біял. заказніка Лонна. Пл. 0,6 км², даўж. больш за 1 км, найб.глыб. 2,6 м, найб.шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,83 км. Пл. вадазбору 1,12 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп
(каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.Я.Арцем’еў, П.Ф.Самародкаў, Я.Х.Сташкевіч, С.В.Сухавей),
у вёсках Домнікі (А.М.Філіпаў), Дрэтунь (М.Д.Свірыдзенка), Залессе (К.М.Макараў), Казімірова (Ф.Дз.Максімаў), Палата (П.Ф.Сташкевіч), Пруды (А.Я.Марчанка), Узніцы (П.Я.Кірыленка), Юравічы (Дз.А.Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел.партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.