ЗАКОНАПРАЕ́КТ,

тэкст прапанаванага да прыняцця закону, падрыхтаваны для ўнясення на разгляд заканад. органа або на рэферэндум. Працэс падрыхтоўкі З. ўключае прыняцце рашэння аб падрыхтоўцы праекта, выпрацоўку яго тэксту, абмеркаванне і дапрацоўку першапачатковага праекта, узгадненне яго з усімі зацікаўленымі органамі і арг-цыямі. Пасля завяршэння падрыхтоўкі З. уносіцца на разгляд заканад. органа ў парадку заканадаўчай ініцыятывы.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З 1921,

заключаны ў Парыжы 19 лют. Фіксаваўся ў адкрытым паліт. дагаворы і ў сакрэтнай вайсковай канвенцыі. Прадугледжваў узгадненне палітыкі дзвюх дзяржаў і ўзаемную дапамогу ў выніку несправакаванага нападу, у першую чаргу з боку Германіі. У выпадку нападу СССР на Польшчу альбо яго пагрозы Францыя абавязвалася стрымліваць Германію. Пасля нападу 1.9.1939 Германіі на Польшчу Францыя, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, абвясціла 3.9.1939 вайну Германіі.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНА́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

універсальная машына кантролю памераў у машынабудаванні шляхам вымярэння перамяшчэнняў наканечніка вымяральнай галоўкі адносна дэталі ў дэкартавай або цыліндрычнай сістэме каардынат. Большасць машын аўтаматычна (пад кіраваннем ЭВМ) выконвае ўвесь працэс вымярэння: узгадненне баз (сістэм каардынат) машыны і дэталі, кіраванне рухам выканаўчых органаў. счытванне, апрацоўку і запіс вынікаў вымярэння. Бываюць высокай дакладнасці (прэцызійныя, з хібнасцю вымярэнняў 3—6 мкм) і менш дакладныя (прадукцыйныя, з хібнасцю да 50 мкм).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЫ ЧА́СУ,

сігналы, якія служаць для адліку часу. Перадаюцца па радыё і тэлебачанні ў пэўныя моманты сутак. Вызначаюцца з дапамогай атамных (гл. Квантавы гадзіннік) і астр. (гл. Гадзіннік астранамічны) прылад.

Для спец. мэт (служба часу, навігацыя, геадэзія) С.ч. перадаюцца ў выглядзе груп імпульсаў, што дазваляе параўноўваць час з высокай дакладнасцю. Для праверкі звычайных гадзіннікаў у краінах СНД С.ч. перадаецца вяшчальнымі радыёстанцыямі пасылкамі з 6 імпульсаў; пачатак апошняга імпульсу супадае з пачаткам наступнай гадзіны паяснога часу. З 1972 перадаюцца ў міжнар. каардынаванай шкале атамнага часу, узгадненне якой са шкалой сусветнага часу ажыццяўляецца зрушэннем мінутнага сігналу на 1 с адначасова ўсімі радыёстанцыямі (звычайна ў канцы года).

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМАТЫЗА́ЦЫЯ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і яго інкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,

складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С.«ч.-м.» вывучае эргатыка.

Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С.«ч.-м.» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м.» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м.» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл. Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.

На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Г.​Р.​Маньшын.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў Анатоль Мікалаевіч (н. 15.5.1944, пас. Герой Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1965). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1973 у Гомельскім ун-це (з 1979 заг. кафедры, у 1990—96 прарэктар). Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы гіратропных і хіральных асяроддзяў, тэорыі гравітацыі. Устараніў супярэчнасці, што існавалі ў тэорыях натуральнай гіратрапіі, правёў узгадненне электрадынамічных ураўненняў з гранічнымі ўмовамі і законамі захавання, устанавіў узаемасувязь паміж рознымі спосабамі фенаменалагічнага апісання гіратрапіі. Пабудаваў самаўзгодненую тэорыю выпрамянення, распаўсюджвання, адбіцця, паглынання, рассеяння і нелінейнага ўзаемадзеяння хваль у хіральных асяроддзях. Разам з інш. выказаў ідэю гіратропнай (спінавай) палярызавальнасці элементарных часціц, даследаваў магчымасці выкарыстання прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці ў скалярнай мадэлі гравітацыйнага поля.

Тв.:

К феноменологической теории естественной оптической активности (разам з Б.​В.​Бокуцем) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1971. Т. 61, №5;

Основы теоретической кристаллооптики. Ч. 1—3. Гомель, 1977—78 (з ім жа);

К вопросу о поляризуемости и гирации элемент. частиц в полевой теории (разам з Л.​Р.​Марозам, М.​В.​Максіменкам) // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элемент. частиц и теория относительности. Мн., 1981;

Electromagnetics of bi-anisotropic materials: Theory and applications. Amsterdam, 2001 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

А.М.Сердзюкоў.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусу сац. паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,

цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)