Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКВЯ́ЦІЦА,
ручай у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р.Ужыца (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Муквяціца. Цячэ на паўн.ч. Полацкай нізіны. Рэчышча на працягу 3,6 км ад вытоку каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
на крайняй Пн Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Усх. адгалінаванне Латгальскага ўзвышша. Працягнулася ўздоўж паўд. берага Асвейскага воз. на 35 км ад даліны р. Сар’янка на З да воз. Белае на У. Шырыня грады 5—10 км. З Пд прымыкае Полацкая нізіна. Асвейская града сфарміравалася ў час Браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення як канцовамарэнная града, якая служыла падпрудай стараж. прыледавіковага возера. Мае форму асіметрычнага вала выш. 30—35 м. Абс. вышыні вагаюцца ад 130 м над узр. м. на Асвейскім воз. да 192 м каля в. Гарадзілавічы. Да Асвейскага воз. абрываецца стромкім схілам з тэрасамі, якія ўзніклі пры спуску прыледавіковага вадаёма. Складаецца з марэнных супескаў і суглінкаў. Гал. рэкі: Сар’янка і Ужыца — прытокі Зах. Дзвіны, Свольна — прыток Дрысы. Глебы дзярнова-падзолістыя; захаваліся ўчасткі хваёвых лясоў, хмызнякоў, сухадольных лугоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Дрысенскі раён (да 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 33,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 15,6 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Верхнядзвінск, г.п.Асвея, 275 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асвейскі, Бігосаўскі, Боркавіцкі, Валынецкі, Голубаўскі, Дзёрнавіцкі, Жоўнінскі, Каханавіцкі, Сар’янскі, Сенькаўскі, Чапаеўскі, Шайцераўскі.
Большая ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, на ПнЗ — Асвейская града. Паверхня пераважна плоскараўнінная, выш. да 150 м; найвыш. пункт 191,8 (на Пн ад в. Гарадзілавічы). Карысныя выкапні: торф, гліны, даламіты, пясчаны матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сар’янка, Ужыца, Росіца, Дрыса (са Свольнаю). 25 азёр, самыя вялікія Асвейскае, Лісна, Белае, Цятна, Ізубрыца, Стралкоўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 27% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя. Балоты займаюць 6% (11,4 тыс.гатэр.); асн. балотныя масівы — Асвейскае, Крупец, Цятна, Крэўнікі і інш.Біял. заказнік Асвейскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушана 27,8 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 17 калгасаў і 9 саўгасаў, 2 с.-г. кааператывы. Лясгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочная, мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), паліўнай (торфабрыкет), харч., лёгкай (швейныя вырабы, перапрацоўка лёну), дрэваапр. (піламатэрыялы) і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Полацк—Верхнядзвінск—Даўгаўпілс (Латвія), аўтадарогі Верхнядзвінск—Невель і Полацк—Санкт-Пецярбург. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, 11 пач. школ, 2 школы-інтэрнаты, ПТВ № 170, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 26 дашкольных устаноў, 34 клубы, 46 б-к, 6 бальніц. Помнікі архітэктуры: манастырскі шпіталь сярэдзіны 18 ст. ў г.п. Асвея; парк 18 ст. на беразе воз. Асвейскае; чыг. вакзал (1924—26) у в. Бігосава; сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Вопытная; Троіцкі касцёл пач. 20 ст. ў в. Росіца; касцёл (1852—57) і парк 19 ст. ў в. Сар’я. Выдаецца газ. «Дзвінская праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НІЗІ́НА.
На Пн Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобл. Фізіка-геагр. раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я); паўд,зах.ч. П.н. ўздоўж р. Дзісна вядома як — Дзісенская нізіна. Мяжуе з Браслаўскай градой на 3, Латгальскім узв. на ПнЗ, Нешчардаўскім, Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі на ПнУ і У, Чашніцкай раўнінай і Свянцянскімі градамі на Пд, Ушацка-Лепельскім узв. на Пд і ПдЗ, заходзіць на тэр. Літвы і Латвіі. Выш. 130—140 м, у краявых частках да 160 м. Пл. каля 8,5 тыс.км², працягласць з ПдЗ на ПнУ да 200 км, з Пн на Пд 40—80 км.
Прымеркавана да тэктанічных структур: Вілейскага пахаванага выступу, Прыаршанскай монакліналі, Латвійскай седлавіны. Платформавы чахол складзены з пратэразойскіх і палеазойскіх комплексаў парод. Дэвонскія адклады ўсюды падсцілаюць антрапагенавую тоўшчу, а ў даліне р. Сар’янка выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча (40—100 м) складзена з адкладаў дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення ўтварылася вял. прыледавіковае Полацкае возера, дзе намнажаліся гліны і алеўрыт, ’тонка- і дробназярністыя пяскі, жвірова-галечны матэрыял. Развіццё рачной сеткі прывяло да спуску вадаёма і ўтварэння на яго месцы ўвагнутай азёрна-ледавіковай нізіны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пясок, даламіт, торф, мінер. воды.
Рэльеф сучаснай нізіны пласкахвалісты і спадзістахвалісты, ускладнены астанцамі марэннай раўніны, камавымі і марэннымі ўзгоркамі, озамі, дзюнамі. Паверхня слабапарэзана рачнымі далінамі, лагчынамі сцёку талых ледавіковых вод. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна з прытокамі Ужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль, Дзісна. Найб. азёры: Лісна, Ельня, Чарвятка, Ілава, Мёрскае. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C; ліп. 17,7 °C. Ападкаў 601 мм за год. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя, глеістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя (алювіяльныя). Пад лесам 34% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы, участкамі захаваліся дубровы (на правым беразе Дзісны, у вярхоўях Паловіцы, Бярозаўкі), у катлавінах чорнаальховыя. на ўзлесках і курцінах сярод палёў шэраальховыя. Б.ч. карэнных хваёвых і яловых лясоў змянілася бародаўчатабярозавымі і асінавымі лясамі. Балоты нізінныя і верхавыя; найб. Ельня, Обаль-2, Стрэчна, Дабееўскі Мох. Пашыраны лугі. Пад ворывам 35% тэрыторыі. На П.н. заказнікі рэсп. значэння: гідралагічны Ельня, ландшафтны Казьянскі (да 1999 біялагічны).