УСЫНАЎЛЕ́ННЕ (УДАЧАРЭ́ННЕ) ДЗЯЦЕ́Й,

юрыдычны акт, паводле якога паміж усыноўленым дзіцем і яго ўсынавіцелем устанаўліваюцца прававыя (асабістыя і маёмасныя) адносіны, аналагічныя адносінам паміж бацькамі і роднымі дзецьмі; адзін з інстытутаў сямейнага права. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і такі акт дапускаецца ў адносінах непаўналетніх дзяцей і толькі ў іх інтарэсах. Усынаўленню падлягаюць дзеці, адзіны (адзін) або абодва бацькі якіх: памерлі; пазбаўлены бацькоўскіх правоў; далі згоду на ўсынаўленне дзіцяці; прызнаны ў суд. парадку недзеяздольнымі, адсутнымі без вестак або памерлымі; невядомыя. Разгляд спраў аб усынаўленні праводзіцца судом па правілах грамадз. працэсуальнага заканадаўства з абавязковым удзелам усынавіцеляў, органаў апекі і папячыцельства, пракурора, а па справах аб міжнар. усынаўленні — і з удзелам Нац. цэнтра ўсынаўлення. Усынаўленне падлягае дзярж. рэгістрацыі ў органах ЗАГСа. Для усынаўлення дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў, неабходна і яго згода. Тайна ўсынаўлення ахоўваецца законам. Адмена ўсынаўлення адбываецца ў суд. парадку. Пытанні, што ўзнікаюць пры ўсынаўленні, рэгламентуюцца сямейным заканадаўствам.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)