Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШЭ́ННЕ, ірыгацыя,
падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).
Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн.га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн.га. Вял. плошчы (больш за 265 млн.га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.
На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс.га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс.км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс.шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.