ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам. нач. Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд. сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс. чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
т. 12, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ АДЗІ́НСТВА»,
блок паліт. партый у Чылі ў 1960—70-я г. Створаны ў 1969 прадстаўнікамі камуніст., сацыяліст., радыкальнай і некалькіх дробных партый. Пасля перамогі на выбарах 1970 сфарміравала ўрад краіны, кіраўнік «Н.а.» С.Альендэ Госенс быў выбраны прэзідэнтам. Урад «Н.а.» нацыяналізаваў гарнарудныя прадпрыемствы, якія належалі замежнаму капіталу, усталяваў дзярж. кантроль над буйнымі банкамі, ажыццявіў агр. рэформу. Але шэраг папулісцкіх рэформ (неабгрунтаванае павышэнне заробкаў, пенсій і сац. ільгот) прывёў да росту інфляцыі і дэзарганізацыі эканомікі. У выніку ваен. перавароту 11.9.1973 урад «Н.а.» быў скінуты, Альендэ Госенс забіты, да ўлады прыйшоў ген. А.Піначэт Угартэ.
т. 11, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)