ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.​А.​Ганчаровай і М.​Г.​Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.​М.​Капко і Б.​М.​Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.​П.​Галай, С.​І.​Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.​У.​Сцяцко, М.​Ф.​Гуліцкага, Л.​А.​Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874).

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588»,

комплекснае выданне, якое прысвечана выдатнаму помніку прававой культуры і юрыд. думкі феад. грамадства 16 ст. — Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 з нагоды яго 400-годдзя і з’яўляецца першай на Беларусі яго поўнай публікацыяй. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Уключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; арыгінальны тэкст Статута (факсімільнае ўзнаўленне), яго арыгінальны тэкст і пераклад на рус. мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асн. частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адм.-тэр. падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовыя асобы і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовая сістэма, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і інш. прававыя акты і дакументы 15—16 ст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і маст. асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.

Г.​А.​Маслыка.

«Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» Мінск, 1989. Вокладка.

т. 15, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РА (ад імя багіні Флоры),

гістарычна складзеная сукупнасць відаў раслін, якія растуць або раслі ў мінулыя геал. эпохі на дадзенай тэрыторыі. Характарызуецца разнастайнасцю відаў (багацце Ф.), узростам, ступенню аўтахтоннасці, эндэмізмам і інш. Паводле тэрытарыяльных рангаў адрозніваюць Ф. Зямлі (каля 375 тыс. відаў, у т. л. каля 250 тыс. відаў кветкавых раслін), Ф. асобных мацерыкоў, іх частак, астравоў, горных сістэм, дзяржаў, пэўных рэгіёнаў. Усе віды Ф. па адзнаках падзяляюць на элементы. Напр., віды раслін, падобныя па геагр. распаўсюджванні, складаюць геагр. элемент Ф. — сярэднеазіяцкі, усх.-сібірскі і інш. Таксама вылучаюць Ф. сістэм. падраздзяленняў, напр., водарасцей, імхоў, выкапнёвых і інш. Адрозненні паміж Ф. вызначаюцца геал. гісторыяй, глебавымі і асабліва кліматычнымі ўмовамі. Па наяўнасці комплексаў эндэмічных сям. і родаў выяўляюць рэгіянальныя супадпарадкаваныя падраздзяленні Ф., найб. буйныя з якіх складаюць фларыстычныя царствы Галарктычнае, Палеатрапічнае, Неатрапічнае, Аўстралійскае, Капскае, Галантарктычнае (гл. Фларыстычны кадастр). У Ф. Беларусі апісана каля 1,7 тыс. сасудзістых раслін, 430 відаў мохападобных, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, больш за 1,5 тыс. відаў грыбоў. У Ф. ўключаюць таксама культурныя расліны, пашыраныя на дадзенай тэрыторыі. Выяўленыя віды раслін пэўнага рэгіёна афармляюцца ў спец. спісы (з апісаннем іх пашырэння, месцазнаходжання, біял. асаблівасцей) і выдаюцца ў выглядзе кніг пад назвай «Ф.». Неабходна адрозніваць Ф. ад расліннасці. Напр., у Ф. ўмеранай зоны Паўн. паўшар’я многа відаў з сям. асаковых, злакаў, казяльцовых, складанакветных, а ў расліннасці — расл. згуртаванні тундры, тайгі, стэпу і інш. Вывучае Ф. фларыстыка. Тэрміналагічны аналаг для жывёл — фауна.

Літ.:

Флора БССР. Т. 1—5. М.; Мн., 1949—59;

Толмачев А.И. Методы сравнительной флористики и проблемы флорогенеза. Новосибирск, 1986.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 16, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.​Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.​Ж.​Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.​Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.​Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.​Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.​Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.​Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Р.​Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.​Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.​А.​Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)