ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),

навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.​Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл. Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 16, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лясная тыпалогія 2/347; 6/338

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПАЛО́ГІЯ МО́ЎНАЯ,

параўнальна-супастаўляльнае даследаванне структурна-функцыянальных уласцівасцей адзінак мовы ў сінхранічным плане без уліку генетычных сувязей моў. Разам з параўнальна-гіст. кірункам у мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства) з’яўляецца тэарэт. базай для фарміравання і фармулявання палажэнняў агульнага мовазнаўства, агульнай тэорыі натуральных моў. Абапіраючыся на даныя, атрыманыя ў сінхранічным даследаванні паасобных моў, у т. л. мёртвых, Т.м. імкнецца да фармулявання палажэнняў, якія датычацца або ўсіх вядомых моў (гл. Універсаліі моўныя), або пэўных груп (тыпаў) моў. Т.м. грунтуецца на ўліку таго, што ў мовах, якія супастаўляюцца, ёсць і агульнае, і адрознае, спецыфічнае. Адносіны, што ўзнікаюць пры гэтым паміж фактамі, элементамі, уласцівасцямі прыватнымі і агульнымі, адзінкавымі і пашыранымі ў многіх мовах, грунтуюцца на сувязі паміж разнароднымі формамі і адпавядаючым ім адным і тым жа сэнсе, г.зн. функцыі. На падставе функцыянальнай агульнасці форм розныя мовы могуць быць аб’яднаны ў групы, або тыпы (гл. Тыпалагічная класіфікацыя моў). У залежнасці ад таго, якія фармальныя адзінкі разглядаюцца, Т.м. падзяляецца на тыпалогію фаналагічную, марфал., сінтакс. і лексічную. Фаналагічная тыпалогія моў грунтуецца на ўліку таго, якія фанет. ўласцівасці гукаў і ў якой ступені выкарыстоўваюцца фаналагічна, г.зн. для адрознення значэння марфем і слоў. На гэтай падставе вылучаюць мовы вакалічныя (напр., французская) і кансанантычныя (напр., польская). Інш. фаналагічная групоўка моў атрымліваецца пры ўліку фаналагічнага выкарыстання прасадычных рысаў галосных і складоў ці фаналагічнай структуры саміх складоў. Марфалагічная тыпалогія абапіраецца пераважна на адрозненні моў па наяўнасці ці адсутнасці ў іх сістэмах такой адзінкі, як слова, а таксама па тыпах і характары спалучэнняў марфем у слове ці сказе. Сінтаксічная тыпалогія будуецца на аналізе структурных схем сказаў, у якіх знаходзяць увасабленне прыватныя і агульныя моўныя заканамернасці сувязей членаў сказа, парадку элементаў у словазлучэнні і сказе, іх катэгарыяльныя і семантычныя ўласцівасці, правілы пабудовы складаных сінтакс. адзінак і г.д. Лексічная тыпалогія заснавана на якасных і колькасных характарыстыках слоўнікаў асобных моў, на высвятленні разгалінаванасці, члянімасці і багацці разнастайных груповак слоў, на аналізе тыпаў значэнняў, спосабаў намінацыі з’яў, прадметаў і інш. Тыпалагізацыя моў можа грунтавацца таксама на сацыялагічных, арэальных, культуралагічных, экспрэсіўна-ацэначных і інш. падставах. Т.м. дае магчымасць вылучыць і апісаць такія ўласцівасці моў, што не могуць быць заўважаны пры інш. падыходах і служыць для навук. арыентацыі ў бязмежнай рэальнай разнастайнасці натуральных моў у свеце. Асобны выпадак Т.м. — тыпалагічнае даследаванне адной, асобна ўзятай мовы, але гэта магчыма толькі пры ўмове наяўнасці папярэдне пабудаванай дэдуктыўнай семіялагічнай мадэлі, з якой супастаўляецца даследуемая мова.

Літ.:

Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;

Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000;

Language typology 1985. Amsterdam, 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІНАТЫ́ЎНЫ ЛАД, акузатыўны лад, намінатыўная тыпалогія, намінатыўнасць,

тып моў, структурныя кампаненты якіх арыентаваны на семантыка-сінтаксічнае проціпастаўленне суб’екта і аб’екта. Найб. істотныя асаблівасці Н.л.: падзел дзеясловаў на пераходныя і непераходныя, наяўнасць актыўнага і пасіўнага станаў у пабудовах з пераходным дзеясловам, існаванне прамога і ўскосных дапаўненняў і развітай сістэмы склонаў. Н.л. уласцівы большасці моў свету: індаеўрап., урала-алтайскім, афразійскім, дравідскім, кітайска-тыбецкім і інш. мовам. Разам з эргатыўным ладам, агентыўным і інш. з’яўляецца аб’ектам вывучэння ў кантэнсіўнай тыпалогіі моў (гл. ў арт. Тыпалогія моўная).

Літ.:

Климов Г.А. Принципы контенсивной типологии. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫХУ́Н Генадзь Апанасавіч (н. 30.10.1936, в. Кунцаўшчына Гродзенскага р-на),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1982). Скончыў Ленінградскі ун-т (1958). У 1958—59 і з 1963 у Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. аддзела). Даследуе тыпалогію слав. моў і іх сувязі, моўныя саюзы, гаворкі Палесся, бел. этымалогію і гісторыю бел. мовазнаўчай славістыкі. Аўтар манаграфій «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах» (1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэалу» (1981), дакладаў на міжнар. з’ездах славістаў, артыкулаў пра бел.-паўднёваслав. і бел.-балг. сувязі і інш. Сааўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87).

Тв.:

Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа. Мн., 1968;

Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балканаславянскім арэале. Мн., 1978;

Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даслед. Мн., 1988;

Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў. Мн., 1993;

Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі. Мн., 1998;

Міжславянскае моўнае ўзаемадзеянне (сацыякультурны аспект). Мн., 2003.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКАЯ Таццяна Віктараўна (н. 11.2.1949, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996). Скончыла Мінскі ін-т замежных моў (1971), з 1976 працуе ў ім (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па фанетыцы, камунікатыўнай і функцыянальнай лінгвістыцы: «Параўнальная тыпалогія англійскай і беларускай моў» (1983, з В.​А.​Няхай), «Сегментная фанетыка і прасодыя вуснага маўлення» (1993), «Маўленчы рытм у сінхраніі і дыяхраніі» (1995) і інш.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ГМУТ Ала Іосіфаўна (н. 12.5.1929, г. Харкаў),

украінскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1980). Працуе ў галіне ўсх.-слав. і эксперыментальнай фанетыкі, культуры мовы; даследуе інтанацыю спантаннага маўлення, пытанні інтанацыйнай і групавой выразнасці мовы сродкаў масавай інфармацыі. Пад яе кіраўніцтвам зроблена параўнальнае даследаванне інтанацыі бел., рус. і ўкр. моў — «Тыпалогія інтанацыі маўлення» (у сааўт., 1977), апісала бел. прасодыю, разгледзела асаблівасці пабуджальнай інтанацыі і інтанацыі паведамлення ў бел. мове.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЛЬЦО́ВА Ніна Ціханаўна (н. 24.7.1944, г.Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Д-р філал. н. (2003). Скончыла БДУ (1967). Працавала ў Брэсцкім абл. к-це па радыёвяшчанні і тэлебачанні, Ін-це этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і інш. З 1975 выкладае ў БДУ. Даследуе сучасныя сродкі масавай камунікацыі, бел. кінамастацтва, творчую дзейнасць у аўдыёвізуальнай камунікацыі. Аўтар манаграфій: «Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз» (1977), «Тыпалогія творчай дзейнасці ў аўдыёвізуальнай камунікацыі» (2003).

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ВЯЗЬ,

узаемаабумоўленасць з’яў і працэсаў у прыродзе і грамадстве. Выяўленне ўстойлівых і неабходных С., аналіз прычыны і выніку як універсальнай С. з’яў рэчаіснасці ляжаць у аснове пазнання і навукі. У гісторыі пазнання прынцып усеагульнай узаемнай С. выступіў асн. прынцыпам дыялектыкі. З развіццём навукі пашыраецца тыпалогія С., якія класіфікуюць паводле форм дэтэрмінізму (адназначныя, імавернасныя і карэляцыйныя), іх сілы (жорсткія і карпускулярныя), кірунку дзеяння (прамыя і адваротныя), тыпу працэсаў, якія вызначае пэўная С. (С. функцыянавання, развіцця і кіравання) і інш. крытэрыяў.

т. 15, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАМЕ́ТА Мікалай Васілевіч (н. 12.8.1924, в. Лазовіца Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989). Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Настаўнічаў. З 1961 працаваў у Бельцкім пед. ін-це (Малдова). З 1967 выкладае у Мінскім лінгвістычным ун-це (з 1991 праф.). Даследуе дынамічныя з’явы ў моўнай сістэме і ў маўленні. Аўтар манаграфій «Міжузроўневыя структуры дзеяслоўнага класа: На матэрыяле французскай мовы» (1988), «Міжузроўневыя дзеяслоўныя ўтварэнні ў сучаснай французскай мове» (1990), вучэбных дапаможнікаў «Параўнальная тыпалогія французскай, рускай і беларускай моў» (1982, з В.​Паўлоўскім), «Сістэма дзеяслоўных аналітызмаў у сучаснай французскай мове» (1985) і інш.

т. 17, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)