ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Фёдаравіч (21.1.1954, в. Ілава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 19.8.2002),

бел. рэжысёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (2000). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1980). З 1980 заснавальнік і гал. рэжысёр Гродзенскага, з 1987 гал. рэжысёр Брэсцкага абласных т-раў лялек. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык Мінскага абл. т-ра «Батлейка». У 1995—2002 працаваў у Бел. дзярж. ін-це праблем культуры. Сярод пастановак: «Блакітнае шчаня» Дз.​Урбана (1980), «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага (1981), «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч (1984), «Васіліса Прыгожая» К.​Чарняк (1985), «Кот у ботах» Г.​Уладычынай (1986), «Гарывада» (аўтар Ю.) паводле Н.​Тулупавай (1988), «Прывітанне Мартышцы» Р.​Остэра (1990); «Заяц варыць піва» С.​Кавалёва, «Свята Раждзяство радасць прынясло» І.​Сідарука (абедзве 1992), «Мая Іліяда» (аўтар Ю.) паводле паэт. твораў У.​Караткевіча, «Страшнік Гам» П.​Васючэнкі (абедзве 1994) і інш. Аўтар прац па праблемах лялечнага т-ра, п’ес.

Тв.:

Волшебный мир театра кукол. Мн., 1997 (разам з Л.​М.​Быкавым);

Аб рэжысуры тэатра лялек // Сучасная беларуская рэжысура. Мн., 1998;

Праблемы сучаснай сцэнаграфіі ў тэатры лялек // Сучасная беларуская сцэнаграфія. Мн., 2000;

Беларуская батлейка: традыцыі і сучаснасць // Народныя традыцыі і нацыянальная культура. Мн., 2001. Кн. 1.

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 18, кн. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.​Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага, «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.​Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.​Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова, «Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва, «Церамок» С.​Маршака, «Дзівоснае кураня» В.​Корнева, «Прынцэса і паж» М.​Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.​Юркевіч (1981—88), М.​Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.​Быкаў (1981—88), Ю.​Давыдзюк (1988—91), А.​Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.​Г.​Мёзер і Дж.​Сака). Прызначаўся для т-ра А.​Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова.
Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)