Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЎЧЭ́НЯ (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 18.9.1924, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1971), праф. (1972). Скончыў БДУ (1954), у 1957—95 працаваў у ім (у 1974—88 заг. кафедры гісторыі філасофіі і логікі). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы логікі і філасофіі, гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі і Польшчы, асветніцкую дзейнасць і навук. спадчыну Кірылы Тураўскага і А.Міцкевіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па логіцы.
Тв.:
Грамадска-палітычныя і сацыялагічныя погляды Адама Міцкевіча. Мн., 1959;
Очерки по истории марксистско-ленинской философской мысли в Польше. Мн., 1978;
У истоков белорусской культуры: Кирилл Туровский // Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1987.
т. 8, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)