Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТУРБІ́НА,
турбіна, у якой унутраная (патэнцыяльная) энергія рабочага цела (газу, пары, вадкасці) пераўтвараецца ў знешнюю (кінетычную) у нерухомых соплавых прыстасаваннях. Далейшае пераўтварэнне кінетычнай энергіі ў энергію вярчэння ротара адбываецца толькі ў выніку змены напрамку руху рабочага цела на лапатках турбіны. У актыўнай турбіне ціск патоку газу (пары, вадкасці) на ўваходзе і выхадзе з рабочага кола аднолькавы. Гл. таксама Рэактыўная турбіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ТУРБІ́НА,
актыўная або рэактыўная турбіна, якая пераўтварае цеплавую энергію сціснутага і нагрэтага газу ў мех. энергію вярчальнага вала. Асн. часткі газавай турбіны — нерухомы сапловы апарат (вянец сапловых лапатак, замацаваных на корпусе турбіны) і рабочае кола (дыск з рабочымі лапаткамі), злучанае з валам турбіны. Сапловы апарат у спалучэнні з рабочым колам складаюць ступень турбіны (практычна ўсе газавыя турбіны шматступеньчатыя). Магутнасць газавых турбін да 150 МВт. Звычайна выкарыстоўваюцца ў газатурбінных рухавіках і ўстаноўках (на самалётах, газатурбінных электрастанцыях, як прывод газавых кампрэсараў, помпаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.