ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 47,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.

Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс. га, з іх асушана 8,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц. т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».

С.І.Сідор.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЛЬВЕНСКІ РАЁН,

на Пд Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 27 тыс. чал. (1997), гарадскога 31,8%. Сярэдняя шчыльнасць 30,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Зэльва, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Галынкаўскі, Дабрасельскі, Дзярэчынскі, Зэльвенскі, Каралінскі, Крамяніцкі, Славаціцкі, Сынковіцкі, Тулаўскі, Ялуцавіцкі.

Раён размешчаны на Ваўкавыскім і Слонімскім узв., якія падзелены далінай р. Зальвянка; на Пн — Нёманская нізіна. Паверхня ўзгорыста-платопадобная. Пераважаюць выш. 150—200 м, 25% тэр. вышэй за 200 м Найвыш. пункт 239 м (каля в. Мадзейкі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, ганчарныя і цэм. гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 536 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Рэкі: Зальвянка, Шчара з прытокамі Луконіца, Бяроза. Зэльвенскае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (64%), тарфяна-балотныя (12,5%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 16,1% тэр., з іх 35% — штучныя насаджэнні. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя, трапляюцца дубовыя і грабавыя. У даліне р. Зальвянка пашыраны заліўныя лугі. Балоты займаюць 1,9%. Рэспубліканскі біял. заказнік Медухава, паляўнічы заказнік Старасельскі. Помнікі прыроды: вярховыя балоты Вішнеўка і Карэвін лут; камень-валун (3,45x2, 45x1,7 м); дуб-трайнік (дыяметр ствала 118 см); дуб (дыяметр 201 см); сасна (дыяметр 115 см).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 63,3 тыс. га, з іх асушаных 14 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 15 калгасаў, пчолапрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, лён-даўгунец, кармавыя культуры. Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў (асфальт, цэгла) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гродна—Баранавічы і аўтадарогі Ваўкавыск—Слонім, Слонім—Масты. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач. школ, спарт. школа, 2 навучальна-вытв. камбінаты, санаторная школа-інтэрнат (базавая), 21 дашкольная ўстанова, 46 клубаў, 42 б-кі, 3 бальніцы, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў, раённая паліклініка. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом канца 19 ст. ў в. Аляксандраўшчына; царква Яна 2-й пал. 19 ст. ў в. Вострава; Спаса-Праабражэнская царква сярэдзіны 19 ст. і касцёл Ушэсця пач. 20 ст. ў в. Дзярэчын; Юр’еўскі касцёл (1617) у в. Крамяніца; Міхайлаўскі касцёл (1782) у в. Луконіца; Благавешчанскі касцёл (1912) у в. Міжэрычы; царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Славацічы; вадзяны млын канца 19 ст. ў в. Старая Галынка; царква-крэпасць 15—16 ст. у в. Сынковічы. Выдаецца газ. «Праца».

С.І.Сідор.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)