ТРУБАПРАВО́Д,

сістэма з металічных (часам поліэтыленавых, жалезабетонных і інш.) труб, злучаных паміж сабой з дапамогай зваркі, муфтаў, фланцаў; аснова трубаправоднага транспарту. Прызначаны для транспартавання вадкіх, газападобных і цвёрдых рэчываў, а таксама кантэйнераў, гатовых вырабаў, пошты, дакументацыі і інш. (гл. Водаправодная сетка, Газаправод, Гідраўлічны транспарт, Каналізацыйная сетка, Нафтаправод, Пнеўматычны транспарт). Аснашчаны спец. арматурай (краны, засаўкі і інш.), рэгулюючымі і запорнымі прыстасаваннямі, кантрольна-вымяральнымі прыладамі. Для пракладкі Т. выкарыстоўваюць трубаўкладчыкі.

т. 15, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.

Перасоўная помпавая станцыя: 1 — усмоктвальны трубаправод; 2 — помпа з рухавіком; 3 — разборны напорны трубаправод; 4 — эжэктар для запаўнення ўсмоктвальнай лініі.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн. ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).

Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец. калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.

А.​Р.​Варонін.

Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́РМА (ад ням. Form літар. — форма),

прыстасаванне для падачы сціснутага паветра і кіслароду ў металургічныя печы і агрэгаты. Уяўляе сабой наканечнік спец. канструкцыі, якім заканчваецца трубаправод, што падводзіць выдзіманне (паветра-, газаправод). Ф. ў доменнай печы — круглая адтуліна з падвойнымі сценкамі, паміж якімі цыркулюе ахаладжальная вада.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.

Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.

Літ.:

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.

І.​І.​Леановіч.

Пнеўматычны транспарт. Прынцыповая схема ўстаноўкі нагнятальнага тыпу: 1 — паветрадуўная машына; 2 — сілкавальнік; 3 — змяшальнік; 4 — пераключальнік; 5 — аддзяляльнік; 6 — бункер.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЗАБО́РНАЕ ЗБУДАВА́ННЕ, водазабор,

гідратэхнічнае збудаванне, якое ажыццяўляе забор вады з адкрытага вадаёма (ракі, возера, вадасховішча) для мэт гідраэнергетыкі, водазабеспячэння, ірыгацыі і інш. Забяспечвае пропуск вады ў вадавод (канал, трубаправод, тунэль і інш.) у зададзеным аб’ёме, належнай якасці і ў адпаведнасці з графікам водаспажывання.

Бываюць: безнапорныя і напорныя; водазаборныя збудаванні ГЭС — берагавыя, вежавыя, на бетонных збудаваннях, плывучыя; водазаборныя збудаванні сістэм водазабеспячэння — водапрыёмнікі (збіраюць ваду ад асушальных сістэм і адводзяць яе); рачныя — берагавыя, рэчышчавыя, каўшовыя (з басейнам-каўшом у галаве канала); ірыгацыйныя — бесплацінныя (у т. л. берагавыя, каўшовыя і шпорныя са. шпорай-дамбай, якая выступае ў рэчышча) і плацінныя (будуюцца ў целе плаціны або на беразе, забіраюць ваду з верхняга б’ефа). Для забору падземных вод выкарыстоўваюць вертыкальныя (у выглядзе буравых свідравін і шахтавых калодзежаў) і гарызантальныя (траншэйныя, галерэйныя) водазаборныя збудаванні, а таксама каптажныя збудаванні (гл. Каптаж).

А.​Я.​Вакар.

Схемы водазаборных збудаванняў: а — галаўнога берагавога (1 — рашотка для затрымкі смецця, 2 — засаўка, 3 — рыбазагараджальнік, 4 — усмоктвальная труба); б — бесплаціннага паверхневага берагавога (1 — рэгулятар з засаўкамі, 2 — канал); в — бесплаціннага паверхневага каўшовага (1 — коўш, 2 — трубаправод).

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СКІН Віктар Ільіч (н. 30.1.1933, в. Ачоса Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1985). Скончыў БДУ (1965). У 1969—90 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях фотабіялогіі раслін.

Тв.:

Фотовосстановление протохлорофиллида. Мн., 1981.

Раскідвальнік: а — арганічных угнаенняў (1 — падкатная цялежка, 2 — самазвальная секцыя, 3 — асноўная секцыя, 4 — раскідвальнік); б — жыжкараспырсквальнік (1 — помпы, 2 — трубаправод, 3 — цыстэрна, 4 — рукавы).

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,

прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫ КРАН,

камплект для тушэння пажараў вадой. Складаецца з запорнага вентыля, устаноўленага на пажарным водаправодзе, пажарнага рукава (гібкі трубаправод са спец. хутказлучальнымі галоўкамі на канцах, які служыць для падачы вады) і ствала (прыстасаванне для атрымання кампактнага ці распыленага струменя вады). П.к. размяшчаюцца на вышыні 1,35 м над падлогай у спец. шафах, дзе ўстанаўліваюць таксама ручныя вогнетушыцелі. На дзверцах пазначаецца парадкавы нумар П.к. і нумар тэлефона бліжэйшай пажарнай часці. Колькасць і тып П.к. у будынку залежаць ад яго прызначэння, памераў і пажарнай небяспекі.

В.​І.​Якаўчук.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫЖНЁВАЯ МАШЫ́НА,

машына для вырабу ліцейных стрыжняў — састаўных частак ліцейных формаў. Рабочы працэс С.м. — ушчыльненне стрыжнёвых сумесей у спец. стрыжнёвых скрынках. Адрозніваюць пескадуўныя машыны, пескастрэльныя машыны, пескамётныя, прэсавыя, устрэсвальныя.

Паводле канструкцыі пескамётныя, прэсавыя і ўстрэсвальныя С.м. падобны да адпаведных фармовачных машын. Асн. частка прэсавых С.м. — прэсавы механізм з пнеўма- або гідрапрыводам; устрэсвальных — рабочы стол са скрынкай, які падымаецца пнеўмарухавіком і, падаючы ўніз на станіну, ушчыльняе сумесь у скрынцы. С.м. — адзін з асн. сродкаў ліцейнай вытворчасці.

Схема пескадуўнай стрыжнёвай машыны: 1 — пнеўматычнае прыстасаванне; 2 — адтуліны (венты); 3 — соплы; 4 — трубаправод; 5 — рэзервуар; 6 — стрыжнёвая скрынка; 7 — стол.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)