ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,

перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ША, выпас,

зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.

Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.

На Беларусі пад П. занята 1,7 млн. га, з іх палепшанай 1,1 млн. га, асушанай 0,78 млн. га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Літ.:

Баранова М.Е., Пиотрашко Л.А., Мурашко В.Г. Луговодство и пастбищное хозяйство. 2 изд. Мн., 1980;

Руденко Е.В., Марчяускас С.П., Башлаков Н.Ф. Эксплуатация культурных пастбищ. Мн., 1982;

Создание и рациональное использование пастбищ. Мн., 1998.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастойасаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.​П.​Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬТА (Malta),

Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр. ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г. Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ра лют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.

Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1995). Каля 10 тыс. ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э.Стараж. Рыма, у 395—870 н.э.Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).

13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.​Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.​Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс. дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн. дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сць прамысл. хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд. кВтгадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс. га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.

Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс. км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд. дол., імпарт — 2,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Герб і сцяг Мальты.
Мальта. Горад Валета.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)