КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва), канцэптуалізм,

кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.​Ле Віт; мастакі Р.​Бэры, Л.​Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.​Аткінсан, Х.​Харэл, Д.​Байнбрыдж, М.​Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА

Найб. стараж. ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэр. Беларусі — арнаментаваныя абломкі біўня маманта, падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з трубчастых касцей, характар якіх адлюстроўвае першабытныя культы плоднасці і паляўнічай магіі (каля 30 тыс. г. назад). У мезаліце найб. пашырыўся арнамент з косай сеткі, хвалістых ліній, нарэзак, ямак. У неаліце з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень (арнаментаваныя касцяныя вырабы, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы людзей, жывёл, птушак з каменю, дрэва, косці), з’яўляюцца ўпрыгожанні з бурштыну — падвескі, кольцы, гузікі, пацеркі. Гравіраваны арнамент вызначаўся схематызмам і ўмоўнасцю, узоры дробнай пластыкі — рэалістычнай дакладнасцю. Гліняны посуд аздаблялі наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырылася касмаганічная, салярная сімволіка. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы распаўсюдзіліся металічныя ўпрыгожанні — грыўні, дыядэмы, пярсцёнкі, бранзалеты, падвескі, скроневыя кольцы; ва ўжытку з’яўляюцца шкляныя пацеркі і бісер. Разнастайнасцю вызначаюцца творы жалезнага веку: медныя, бронзавыя, жалезныя ўпрыгожанні, сярэбраныя і залатыя вырабы (бранзалеты з гладкімі, вітымі і рэльефнымі стрыжнямі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шыйныя грыўні, шпількі-запінкі, нярэдка аздобленыя геаметрычным арнаментам), рознакаляровыя шкляныя пацеркі, гліняныя фігуркі жывёл, пераважна коней (магчыма, культавага прызначэння). У пач. н.э. з’явіліся вырабы з каляровымі эмалямі (падвескі, спражкі, запінкі). Аб’ектамі дэкарыравання стала адзенне з тканін, а таксама вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам (гліняныя прасліцы, упрыгожаныя салярнымі і каляндарнымі сімваламі).

У 10—13 ст., з падзелам грамадства на класы, узнікненнем і развіццём гарадоў, аддзяленнем рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва вылучылася ў самастойную галіну маст. дзейнасці. Яно прадоўжыла традыцыі, закладзеныя ў язычніцкія часы, а таксама запазычаныя з візант. і еўрап. культур. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Развіваліся разьба па косці, дрэве, металаапрацоўчыя рамёствы, шкларобства, ткацтва, ганчарства і інш. Вырабляліся прадметы побыту, посуд, літургічнае начынне, зброя, воінскі рыштунак, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, упрыгожанні і інш. Стылістыка і матывы дэкору вырабаў адлюстроўвалі размежаванне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адпаведнасці з класавым падзелам грамадства: у асяроддзі сялян і значнай часткі гараджан пераважаў закладзены яшчэ ў першабытныя часы геаметрычны арнамент сімвалічнага характару. У дружынна-баярскім побыце пераважнае месца займаў дэкор з раслінных і зааморфных форм рэальнага і фантастычнага характару (тэраталагічны стыль), асабліва ярка выяўлены ў разьбе па косці (накладкі калчанаў, ручкі нажоў і інш.). У многіх гарадах пашыраным рамяством было шкларобства (пацеркі, бранзалеты), з 12 ст. распаўсюдзіўся выраб пярсцёнкаў, скроневых кольцаў, сталовага, аптэчнага, літургічнага посуду. З пашырэннем у 10 ст. на бел. землях ганчарнага круга наладзіўся масавы рамесніцкі выраб глінянага посуду, які набыў больш зграбныя і разнастайныя формы. У тэхніцы кавальства з чорных металаў, атрыманых з мясц. балотных руд, выраблялі прадметы побыту, зброю, воінскі рыштунак, дэталі конскай вупражы. З медзі, волава, свінцу, часам сплаву медзі і серабра (білону) ліццём па васковай мадэлі, а з 12—13 ст. — з дапамогай каменных раз’ёмных раздымных* форм масава выраблялі рэчы быт., літургічнага, маст. прызначэння. Шырока развівалася ювелірнае мастацтва, якое аб’ядноўвала розныя віды маст. апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў: чаканку, гравіраванне, філігрань, чарненне, зярненне, эмалі, якімі аздаблялі ўпрыгожанні, посуд, зброю, абклады абразоў і кніг. Выдатны ўзор тагачаснага ювелірнага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, выкананы ў 12 ст. полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай.

14—16 ст. — перыяд інтэнсіўнага развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на характар якога моцна ўплывалі шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы. Пашырыліся працэсы спецыялізацыі рамёстваў, падзел рамесніцкай вытворчасці на больш вузкія спецыяльнасці. З 15 ст. ўзнікалі рамесніцкія спецыялізаваныя аб’яднанні заходнееўрап. тыпу — цэхі (напр., цэх шкларобаў у Гродне), у 16 ст. ў іх канцэнтравалася пераважная частка рамеснікаў. Стварэнне цэхаў спрыяла ўзбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва: з каштоўных і каляровых металаў у тэхніцы чаканкі, ліцця, кавальства ў спалучэнні з гравіраваннем, эмалямі, чарненнем выраблялі ўпрыгожанні, быт. і літургічны посуд, абклады кніг і абразоў. Развівалася маст. шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геаметрычнымі расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. дэкар.-прыкладное мастацтва зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выцягнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна ўключыліся ў інтэр’ер, набылі манументальна-дэкар. характар. Рэльефнай паліхромнай кафляй аздаблялі печы і каміны ў палацах і замках. У тэхніцы маст. кавальства выраблялі фігурныя рашоткі, агароджы, вароты, крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі, падсвечнікі і інш.; з волава адлівалі фігурны посуд, падсвечнікі, з бронзы — званы, гарматы, аздобленыя рэльефнымі паяскамі, гербамі, расліннымі гірляндамі. Дасягнула росквіту манументальна-дэкар. аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве з ляўкасам і пазалотай, т.зв. беларуская рэзь, якою аздаблялі іканастасы і алтары ў храмах. Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, кафляры, збройнікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі быт. і літургічны посуд, мэблю, зброю, абклады кніг і абразоў, аздаблялі інтэр’еры палацаў і храмаў паліхромнай рэльефнай кафляй, аб’ёмна-ажурнай пазалочанай разьбой і інш. У 18 ст. ўзніклі вотчынныя мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў (Нясвіж, Слуцк), фаянсу (Свержань, Целяханы), дываноў, шпалераў, габеленаў (Гродна, Карэлічы, Ружаны, Слонім), маст. шкла (Налібакі, Урэчча) і інш. На жалеза- і медналіцейных мануфактурах у Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н) і інш. адлівалі крыжы, агароджы, садовую мэблю, помнікі, посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Напачатку на мануфактурах прадукцыю нярэдка выраблялі паводле ўсх. ці зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам нар. мастацтва яна набывала своеасаблівую мясц. інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся традыцыйныя элементы. Масавае будаўніцтва ў гарадах выклікала значнае пашырэнне вырабаў маст. ліцця, кавальства, разьбы па дрэве ў архітэктуры, якая ў 2-й пал. 18 ст. зазнала ўплыў класіцызму. Характар вырабаў стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключаліся выявы антычных матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў, грыфонаў і інш.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 19 — пач. 20 ст. характарызавалася ўзаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыйшлі ў заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узніклі прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак адносна таннай, але часта маламаст., эклектычнай прадукцыяй, хаця некат. ўзоры (напр., шкларобства) вызначаліся і несумненнымі маст. вартасцямі. Выцясненне ручной вытворчасці маст. вырабаў прамысл. прадукцыяй вылучыла на першы план праблему дапасавання мастацтва да магчымасцей тэхнікі, спалучэння маст. творчасці з патрэбамі масавага індустрыялізаванага вырабу, што адлюстраваў тэрмін «прыкладное мастацтва». Спробай вызначыць месца маст. быт. рэчаў у эпоху тэхнічнай цывілізацыі, накіраваць мастацтва на стварэнне новай маст. мовы стала пашырэнне з канца 19 ст. стылю мадэрн. Формы вырабаў набылі плаўныя цякучыя абрысы, асіметрыю і дынаміку, арнаментальныя матывы (пераважна раслінныя) — адвольную цякучасць, вытанчаныя колеравыя спалучэнні (некат. ўзоры кафлі, шклянога посуду, каваныя дэталі арх. ўбранства і інш.). Развіццё прамысл. вытворчасці паўплывала на нар. маст. промыслы, некат. з іх (напр., набіванка) заняпалі, іншыя — наадварот, дасягнулі значнага развіцця (ганчарства, лозапляценне). Сваё развіццё прадаўжала і традыц. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва. Развіццю нар. промыслаў садзейнічалі адкрытыя земствамі рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў: карзіначная — у Гомелі, слясарная — у Вішневе, слясарна-такарная — у Грабянях і Друцку, ткацкія — у Бранчыцах, Дзісне, Клецку, Лепелі, Слуцку, Юзафінах і інш. Актывізавалася выставачная і збіральніцкая дзейнасць. Узоры прамысл. і нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва дэманстраваліся на Усерасійскай этнаграфічнай і сусветнай выстаўках у Парыжы (1867), выстаўцы вырабаў саматужніцкай прамысловасці ў Магілёве (1893), міжнар. выстаўцы ў Марселі (1908), выстаўцы саматужнай прамысловасці ў Вільні і Пецярбургу (1913) і інш. Аднак у цэлым дэкар.-прыкладное мастацтва перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 1920-х г. вызначалася пошукамі новага стылю. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску, Магілёве, ткацка-вышывальныя ў Слуцку, дрэваапрацоўчыя ў Гомелі, пабудаваны Аршанскі льнокамбінат (1928—37). Аднак слабаразвітая прамысловасць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых рэчах. Недахоп прамысл. маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы нар. маст. промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыцыйныя ганчарныя цэнтры. З 2-й пал. 1920-х г. пачалося аб’яднанне майстроў-саматужнікаў у арцелі, гал. чынам ганчарныя і ткацка-вышывальныя. У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў маст. арцелі (каля 20) у адзіную сістэму. Іх прадукцыя карысталася папулярнасцю, у т. л. і за мяжой, экспанавалася на многіх усесаюзных выстаўках, у Парыжы (1937), Нью-Йорку (1939) і інш. Да канца 1940-х г. адноўлены разбураныя ням.-фашысцкімі захопнікамі прадпрыемствы маст. прамысловасці, створана прамысл. база для развіцця дэкар.-прыкладнога мастацтва. У канцы 1950-х г. створаны новыя арцелі маст. кшталту: цэх маст. керамікі ў Івянцы, цэх маст. аплікацыі саломай па дрэве ў Жлобіне і інш. Асартымент вырабаў прадпрыемстваў Белмастпрамсаюза (24 арцелі) быў даволі шырокі: мужчынскія кашулі па бел. і ўкраінскіх матывах, вышываныя сукенкі, настольнікі, хусткі, тканыя посцілкі, дываны, вязаныя рэчы, цацкі з дрэва, шкла, пап’е-машэ, галантарэйныя вырабы з размалёўкай у тэхніцы батыку і шаўкаграфіі, ганчарны маст. посуд, тачэнне з бярозы-чачоткі і інш. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), дзе наладзілі вытворчасць ворсавых дываноў па бел. матывах, ’Мінскі фарфора-фаянсавы завод (1951). Аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н), на якіх выраблялі посуд масавых гатункаў, а таксама унікальныя вырабы выставачнага і падарункавага прызначэння. Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыцыйных форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне нярэдка было эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм. Асабліва вострай была праблема кадраў прафес. мастакоў вышэйшай кваліфікацыі, якіх на Беларусі не рыхтавалі.

Абнаўленне і развіццё маст. прамысловасці значна паўплывала на дэкар.-прыкладное мастацтва 1950—60-х г. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў фабрыкі Упраўлення маст. прамысловасці Мін-ва мясц. прамысловасці Беларусі (1960) пашырыліся асартымент і тэматыка вырабаў маст. промыслаў (больш за 20), адроджана саломапляценне, лозапляценне, ткацтва, вышыўка. Папулярнасць набыла івянецкая кераміка, жлобінская інкрустацыя, неглюбскае ткацтва і інш. Палепшылася і пашырылася вытворчая база прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва: рэарганізаваны вытворчыя цэхі Маст. фонду Беларусі, пачаў работу маст.-вытворчы камбінат у Барысаве (1961), наладзіў выпуск прадукцыі Брэсцкі дывановы камбінат (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» (Бярозаўка Лідскага р-на) і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва Бел. тэатральна-маст. ін-та з 1961 стала рыхтаваць мясц. спецыялістаў. Значны ўклад у развіццё дэкар.-прыкладнога мастацтва зрабілі М.​Бяляеў, Г.​Гаркуноў, В.​Гаўрылаў, Ф.​Зільберт, А.​Кішчанка, Т.​Паражняк. Асн. прынцыпам дэкар.-прыкладнога мастацтва сталі прастата геаметрычных форм, функцыянальнасць, строгасць, утылітарна-канструктыўная мэтазгоднасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці. У формах керамічных і шкляных вырабаў падкрэсліваліся нахільныя лініі, косыя зрэзы, т.зв. дыяганальны стыль. З сярэдзіны 1960-х г. такі празмерны лаканізм стаў саступаць месца большай разнастайнасці і смеласці дэкар. вырашэнняў, творчаму засваенню нар. традыцый, багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. Акрамя стварэння вырабаў утылітарна-маст. прызначэння для масавай вытворчасці мастакі звярталіся да індывідуальных творчых вырашэнняў, да станковых твораў выставачнага характару. Дэкар.-прыкладное мастацтва ўсё больш вызваляецца ад прыкладных функцый, займае раўнапраўнае месца сярод прасторавых і пластычных відаў мастацтва. Развіваюцца маст. шкло (мастакі П.​Анішчык, П. і Т. Арцёмавы, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, В.​Сазыкіна і інш.), фарфор (М. і Л. Гатальскія, В.​Данчук, В.​Леантовіч, А.​Фядусь і інш.), маст. кераміка (М.​Байрачны, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, А.​Концуб, Г.​Крамко, М.​Несцярэўскі, Л.​Панамарэнка, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч і інш.), маст. тканіны (Г.​Гаркуноў, В.​Грыдзіна, В.​Дзёмкіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна, Л.​Пятруль, Л.​Сівакова, Н.​Сухаверхава і інш.). Новыя прынцыпы комплекснага падыходу да афармлення буйных архітэктурных аб’ектаў, характэрныя для 1970-х г., актыўна ўключылі дэкар.-прыкладное мастацтва ў грамадскі інтэр’ер, надалі яму манум. характар. У сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, маст. кавальства, чаканка, вітраж. Інтэр’еры палацаў культуры, рэстаранаў, кафэ, гасцініц аздобілі манум. керамічныя пласты, вазы, перагародкі, маст. тканіны, металічныя каваныя рашоткі і пано: габелен «Музыка» ў інтэр’еры Мінскага маст. вучылішча (1975), габелен-заслона і серыя габеленаў для фае Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1985, усе А.​Кішчанка), каванае ўбранства — у інтэр’еры рэстарана «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Дома літаратара ў Мінску (1976, усе Ю.​Любімаў), керамічныя творы ў інтэр’ерах кафэ «Бульбяная» ў Мінску (М.-Несцярэўскі, 1983), гасцініцы «Бярэзіна» ў Барысаве (М.​Байрачны, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, 1982), рэстарана «Заслаўе» (В.​Прыешкін, 1989) і інш. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця стала выстаўка дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986), якая засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Майстры дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна звяртаюцца да індывідуальных творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў, бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Іх творчасць вызначае цікавасць да нац. культуры, фальклору, нар. мастацтва, прыроды, гіст. мінулага.

Складанае становішча перажывае дэкар.-прыкладное мастацтва з канца 1980-х г. Спыніў сваю дзейнасць Маст. фонд Беларусі, што пазбавіла прафес. прыкладное мастацтва эканам. базы, амаль выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, тым не менш будаўніцтва або рэканструкцыя арх. аб’ектаў грамадскага прызначэння выклікае неабходнасць у аздабленні іх інтэр’ераў. Комплексным падыходам у вырашэнні задач манум.-дэкар. характару вызначаецца афармленне інтэр’ера Палаца Рэспублікі, які аздобілі габелены-заслоны (В.​Грыдзіна, В.​Крывашэева, Г.​Крываблоцкая, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна), люстры і свяцільнікі з металу і шкла, дэкар. кампазіцыі з металу і інш. Працягваюцца пошукі ў галіне стварэння унікальных выставачных твораў станковага характару. Узоры керамікі, маст. шкла вызначаюцца разнастайнасцю вырашэнняў, складанасцю асацыяцый, шырынёй тэматыкі, шматфункцыянальнасцю. Метафарычнасць многіх твораў часта дасягаецца выразнасцю формаўтварэння, спалучэннем сродкаў дэкар.-прыкладнога мастацтва з набыткамі дызайну, скульптуры, архітэктуры і інш. Дамінуе дэкар. скульптура, вырашаная вобразна і асацыятыўна, нярэдка гэта шматфігурныя кампазіцыі з адвольнай кампаноўкай. Творчыя эксперыменты з рознымі тэхнікамі, пошукі ў галіне формаўтварэння, пластыкі, вобразнасці вызначаюць керамічныя кампазіцыі В.​Калтыгіна, Т.​Кіршчынай, М.​Кляцкова, В.​Прыешкіна, З.​Раўко, Т.​Сакаловай, шкляную пластыку У.​Мурахвера і інш. Не страціў свайго вядучага становішча ў сучасным дэкар.-прыкладным мастацтве габелен. Шырыня тэматыкі, разнастайнасць творчых пошукаў у спалучэнні з эксперыментамі ў галіне тэхналогіі, фактуры і структуры тканін вызначае творы Т.​Белавусавай-Пятроўскай, А.​Бельцюковай, Г.​Гаркунова, Л.​Густавай, В.​Дзёмкінай, Л.​Пуцейкі, А.​Салохінай, Н.​Сухаверхавай і інш. Найб. значны твор — манум. «Габелен стагоддзя» А.​Кішчанкі (1995), афіцыйна прызнаны самым вялікім габеленам свету (14×19 м). Як своеасаблівая рэакцыя на ўсеагульнае захапленне манум.-дэкар. творамі з іх непрыдатнасцю да камернага жылога інтэр’ера заявіў пра сябе міні-габелен (творы В.​Грыдзінай, Г.​Крываблоцкай). Масавую вытворчасць вырабаў утылітарна-маст. прызначэння працягваюць прадпрыемствы маст. прамысловасці: шклозавод «Нёман», Барысаўскі хрусталёвы завод, Мінскі і Добрушскі фарфоравыя заводы, ворсавых дываноў — ААТ «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста», Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка» і інш. Пашырэнне індывідуальнага мураванага будаўніцтва выклікала адраджэнне ручнога маст. кавальства, аднаўленне забытых відаў і прыёмаў металаапрацоўкі ў спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі. Прыкметны ўздым характэрны для сучаснага нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Паралельна з прадпрыемствамі маст. промыслаў, аб’яднаных у канцэрн «Белмастацпромыслы» (1993), адраджаецца індывідуальная маст. творчасць, у т. л. ў выглядзе промыслаў, бытуюць розныя віды маст. апрацоўкі дрэва: упрыгожанне жылля, афармленне грамадскіх пабудоў, стварэнне арыгінальнай мэблі. Сучасныя майстры абапіраюцца на традыцыі нар. мастацтва, набыткі стараж. цэхавых рамёстваў, дасягненні сусветнай культуры.

Літ.:

Яніцкая М.М. Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;

Яе ж. Мастацкае шкло Беларусі. Мн., 1989;

Жук В.І. Сучасная беларуская кераміка. Мн., 1984;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

Я.​М.​Сахута.

Фрагмент косці з гравіраванай выявай. Неаліт. З паселішча Азёрнае Любанскага раёна.
Слуцкі пояс. 2-я пал. 18 ст.
Урэцка-Налібоцкае шкло. Графін і флеты. 19 ст.
Віцебская кафля. Канец 19 — пач. 20 ст.
Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Вечна жывыя». 1984.
У.​Мурахвер. Кампазіцыя «Песня». 1990.
Г.​Крамко. Дэкаратыўная кампазіцыя «Купалле». 1982.
Н.​Пілюзіна. Габелен «Летні дожджык». 1985.

т. 18, кн. 2, с. 663

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 14—18 ст.

Звесткі архіўных крыніц і высокі ўзровень адзінкавых помнікаў, што захаваліся, сведчаць пра росквіт на Беларусі ў 14—15 ст. сярэдневяковага выяўл. мастацтва. Буйнымі маст. цэнтрамі ВКЛ былі Полацк, Смаленск, Слуцк, Пінск, Уладзімір Валынскі. Ствараліся абразы, выкананыя ў тэхніцы тэмпернага жывапісу, ці ў рэльефнай пластыцы, і жывапісныя мініяцюры ў богаслужэбных кнігах. Найб. ранні з захаваных твораў іканапісу палеска-валынскага рэгіёна — абраз Маці Божай Дарагабужскай (мяжа 13—14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. на Пінскім Палессі сфарміраваўся высокамастацкі цэнтр: абразы «Успенне», «Маці Божая Перыўлепта (Іерусалімская)», «Спас Пантакратар». Вядомы імёны пінскіх майстроў пач. 16 ст. — мастак Навоша і разьбяр «поп Ананія», якія выконвалі заказы пінскага князя Фёдара Яраславіча. Самае ранняе дакумент. сведчанне пра іканастасы ў бел. храмах — апісанне Троіцкай царквы аднайм. Слуцкага манастыра (1495). Узоры кніжнай мініяцюры, выкананыя ў 14—16 ст., дазваляюць вылучыць бел. рукапісы ў асобную школу 3 пераемнасцю почыркаў і разнастайнасцю аўтарскіх манер, пра што сведчаць шматлікія евангеллі: Лаўрышаўскае, Мелішаўскае (абодва 14 ст.), Жыровіцкае (канец 15 ст.), Жухавіцкае (канец 15 — пач. 16 ст.), Шарашоўскае (сярэдзіна 16 ст.). Унікальнае месца ў гісторыі мастацтва займаюць мініяцюры Радзівілаўскага (Кёнігсбергскага) летапісу, створаныя ў канцы 15 ст. У рукапісе 617 мініяцюрных малюнкаў, якія з’яўляюцца сапраўднай выяўл. энцыклапедыяй. У выніку кантактаў з краінамі Еўропы на Беларусі з’явіліся заходнееўрапейскія рукапісныя кнігі і першадрукі (шматколерныя ініцыялы ў рукапіснай Бібліі з Гродна, 14 ст.). Большасць твораў фрэскавага жывапісу 15 — пач. 16 ст., звязаныя з маст. гісторыяй Беларусі, знаходзяцца на тэр. сучаснай Польшчы. Напр., фрэскі замкавай Свята-Троіцкай капэлы ў Любліне напісаны паводле правасл. канонаў і блізкія да тагачаснага іканапісу ВКЛ; размалёўкі Супрасльскай Дабравешчанскай царквы (каля 1557), у стварэнні якіх удзельнічалі Нектарый Сербін (?) і, магчыма, манахі, што прыйшлі ў Супрасль з Гродна. Найб. раннія захаваныя прыклады круглай гатычнай скульптуры ў маст. спадчыне ВКЛ, відаць прывезены з Польшчы і Германіі. Сведчаннямі мясц. традыцыі разьбы з’яўляюцца дробная пластыка, якая працягвала стылістыку папярэдніх часоў: каменныя рэльефы — абразкі з Турава (14 ст.), цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай (15 ст.), разьбяныя драўляныя абразкі пінскага майстра Ананія (пач. 16 ст.). Плоскарэльефная буйнафарматная скульпт. пластыка сустракалася ў правасл. храмах 14—15 ст.

Найб. яскравай нац. праявай Рэнесансу ў маст. культуры Беларусі сталі друкаваныя кнігі на царкоўнаслав. і бел. мовах. Пачаткам бел. друкаванай графікі з’явілася выданне Ф.​Скарынай у Празе 20 кніг Бібліі (1517—19), багата аздобленых сюжэтнымі ілюстрацыямі, застаўкамі і ініцыяламі. Развіццю мастацтва друкаванай кнігі спрыяла кнігавыдавецкая дзейнасць С.​Буднага, В.​Цяпінскага, І.​Фёдарава; друкарні розных канфесій, якія ў канцы 16 — пач. 17 ст. дзейнічалі ў Лоску, Слуцку, Любчы і інш. З 1575 у Вільні працавалі друкарня езуіцкай акадэміі, фундаваная М.​К.​Радзівілам Сіроткам, і друкарня Мамонічаў, засн. пры ўдзеле Пятра Мсціслаўца — выдатнага майстра дрэварыту ўсходнеслав. старадрукаў («Евангелле», 1575). Шэраг навацый на мяжы 16—17 ст. звязаны з дзейнасцю ў Нясвіжы і Вільні Т.​Макоўскага, які выкарыстоўваў тэхніку металагравюры для падрыхтоўкі карты ВКЛ (выдадзена ў 1613 у Амстэрдаме), гравюр з відамі гарадоў, антымінсаў і інш.

У 16 ст. бел. іканапіс захоўваў сваю традыц. стылістыку, але паралельна ў асобных творах праявілася ўздзеянне рэнесансу: абразы «Спас» з Быценя і «Параскева Вялікапакутніца» са Случчыны. У пач. 17 ст. ў бел. абразах зніклі каўчэг, ляпныя арнаменты на німбах: абразы Маці Божай Адзігітрыі Мінскай (15 ст.; у пач. 17 ст. цалкам перапісаны і аздоблены разным па ляўкасе арнаментам з сеткавым малюнкам), «Узнясенне» (пач. 17 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя», «Спас» (абодва 1640), «Маці Божая Замілаванне» (1646). У канцы 16 ст. новыя імпульсы развіцця набыў алтарны касцельны жывапіс: «Маці Божая Снежная» з Нясвіжа, «Маці Божая Ларэтанская (Коданская)» (пач. 17 ст.) і інш.

Дзейнасць у ВКЛ заходнееўрапейскіх мастакоў спрыяла пашырэнню тыповых форм рэнесансавага мастацтва.

Над выкананнем архітэктурна-скульпт. і медальерных заказаў працавалі таксама італьян. майстры Ф.​Фларэнціец, Б.​Берэчы, Дж.​М.​Моска (Падавана; надмагілле біскупа П.​Гальшанскага ў Вільні, каля 1550), Б.З. дэ Джыяноціс (надмагілле канцлера А.​Гаштольда, 1539—41). У 1544—48 ням. мастак, блізкі да Лукаса Кранаха Малодшага, выканаў у Вільні мініяцюрныя партрэты Барбары Радзівіл і Жыгімонта II Аўгуста з шасцю членамі каралеўскай сям’і. Пасля 1514 невядомы ням. мастак стварыў жывапіснае палатно «Бітва пад Оршай» — першы ў мастацтве ВКЛ батальны твор, напісаны з дакумент. дакладнасцю. У традыцыях ням. алтарнага жывапісу выкананы абраз «Пакланенне трох каралёў» (пасля 1514) з касцёла ў в. Дрысвяты Браслаўскага р-на. У 16 ст. ад партрэтаў «на ўспамін», якія насілі ў медальёнах, ад мініяцюрных партрэтаў-дарункаў (вял. князя Аляксандра) партрэт развіўся да буйнафарматных жывапісных твораў: Кацярыны Слуцкай (1580), віленскага біскупа Ежы Радзівіла (1590-я г.), Юрыя Радзівіла, М.​К.​Радзівіла Сіроткі (абодва пач. 17 ст.). На апошняй стадыі рэнесанснага перыяду росквіт партрэта прасочваецца не толькі ў жывапісе, а і ў графіцы (металаграфічныя партрэты Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы, выкананыя і еўрап. і мясц. гравёрамі), медальерным мастацтве.

У перыяд станаўлення ранняга барока ў ВКЛ (канец 16—1-я пал. 17 ст.) дасягнула росквіту мемарыяльная пластыка. Паводле кампазіцыйнай структуры тагачасным надмагільным помнікам характэрна спалучэнне рэнесансавага скульпт. адлюстравання нябожчыка з раннебарочнай архітэктурна-пластычнай кампазіцыяй усяго мемарыяльнага збудавання: помнік С.​Радзівілу ў бернардзінскім касцёле ў Вільні (1618—23). Тып скульпт. эпітафіі з укленчанымі ля крыжа постацямі вядомы ў Зах. Еўропе, у мастацтве Беларусі прадстаўлены адзіным захаваным прыкладам — надмагіллем мужа і жонкі Вольскіх у касцёле в. Крамяніцы Зэльвенскага р-на (2-я пал. 1620-х г.).

У Нясвіжскім касцёле Божага Цела надмагільная скульпт. пластыка мае іншы характар. Нясвіжскія надмагіллі адлюстроўваюць захапленне італьян. мастацтвам і рэнесансавыя густы іх заказчыка — М.​К.​Радзівіла Сіроткі: надмагільныя пліты сабе і памерламу сыну-немаўляці (каля 1590), жонцы (пасля 1596), сыну Крыштофу Мікалаю (1607—08). Тут захаваўся самы ранні ў ВКЛ прысценны каменны алтар Св. Крыжа, выкананы ў 1578 у стылі маньерызму італьян. скульптарам Дж.​Кампаньі паводле праекта архітэктара Ч.​Франка. У мастацтве эпохі барока галоўным стала імкненне да сінтэзу, арганічнага спалучэння ў адным ансамблі сродкаў розных відаў мастацтва, асэнсавання маст. асяроддзя як складанага адзінства багатых прасторавых кампазіцый: насценныя размалёўкі спалучаліся з лепкай са стука, іканапіс — з разьбой па дрэве, пазалотай і чаканкай па метале. Унутр. прастора храма ўсё больш ускладнялася. Маст. дамінанту касцёлаў утвараў гал. алтар, які найчасцей вырашаўся ў форме сімвалічнай «нябеснай брамы» — трыумфальнай аркі-каланады: гал. алтар касцёла ў в. Воўпа Ваўкавыскага р-на (паміж 1633 і 1639), алтар у в. Будслаў Мядзельскага р-на (майстар П.​Грэмель, 1643—49). Драўляная скульптура не была ізалявана ад кампазіцыйнай структуры алтароў, ніш, каплічак, у якіх змяшчаліся постаці, разлічаныя на франтальнае ўспрыняцце. Сярод тыповых сюжэтаў скульптуры найб. пашыраны ўкрыжаванні (напр., твор сніцара К.​Круповіча, 1696), выявы Маці Божай і Іаана Багаслова, якія смуткуюць ля крыжа, фігуры Георгія Пераможцы, архангела Міхаіла, святых Казіміра і Станіслава, Яна Непамука, скульптуры-алегорыі (хрысц. дабрачыннасцей, 4 кантынентаў і інш.). Вялікай папулярнасцю карысталіся скульпт. выявы Хрыста ў пакутах. Да найб. выразных прыкладаў развітых ансамбляў пач. 18 ст. належаць комплексы разьбяных драўляных алтароў у Гродзенскім касцёле езуітаў (1709) і Пінскім францысканскім касцёле (1710—20-я г.).

Маст. цэнтрам бел. цэркваў быў іканастас. У 17 ст. ў правасл. і уніяцкіх храмах ён набыў новае маст.-пластычнае вырашэнне, якое вызначалася багаццем і пышнасцю дэкар. аздобы, пазалоты: іканастасы Успенскай царквы Жыровіцкага манастыра (канец 17 ст.?) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы (1669—72). Найб. ўвага аддавалася выкананню разьбы царскіх варот. Прыклады такой разьбы дазваляюць прасачыць эвалюцыю яе стылю ад плоскарэльефных узораў (царскія вароты царквы ў в. Варанілавічы Пружанскага р-на, Юр’еўскай царквы ў Віцебску да гарэльефных, з багатым ажурным дэкорам, жывапіснымі клеймамі, ракайлевымі і класіцыстычнымі матывамі на царскіх варотах 18 ст. Вынайдзеныя рашэнні бел. майстры пашырылі і ў Расіі, стварыўшы там у 2-й пал. 17 ст. шэраг разных іканастасаў. Каменныя уніяцкія і правасл. храмы, узведзеныя ў сярэдзіне 18 ст., былі аздоблены мураванымі каменнымі іканастасамі: у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Талачыне, Сафійскім саборы ў Полацку (перабудаваны ў 1738—62), Спаса-Праабражэнскім саборы ў Магілёве (1755—62, не захаваўся; аўтар праектаў абодвух іканастасаў — І.​К.​Глаўбіц). Ствараліся выдатныя творы ў матэрыяле стука: дэкарацыі інтэр’ераў касцёлаў Іаана Хрысціцеля ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на (кіраўнік М.​Жылевіч, 1684—1700), дамініканцаў у Стоўбцах (не захаваўся, сярэдзіна 18 ст.), алтар Троіцкага касцёла ў Ружанах (каля 1788). Арыгінальнасцю і багаццем сюжэтаў вызначаліся насценныя размалёўкі драўляных правасл. храмаў 17 ст.: Богаяўленскага сабора Аршанскага Куцеінскага манастыра і Святадухаўскай царквы Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра, Віцебскай Троіцкай царквы Маркава манастыра (пасля 1690, выкананнем размалёвак кіраваў мастак П.​Ігнатовіч?), мураванай Магілёўскай Богаяўленскай царквы (пабудавана ў 1633—36) і інш.

У сярэдзіне — 2-й пал. 18 ст. манум. жывапіс дамінаваў у сістэме маст. сродкаў афармлення храмавай прасторы: размалёўкі езуіцкіх (у Гродне, Нясвіжы і Мінску) і кармеліцкіх касцёлаў (у Магілёве, Мсціславе і Бялынічах). Ім уласцівы познабарочная стылістыка, выкарыстанне прынцыпаў «квадратур» — кампазіцый, ілюзію глыбіні якіх стваралі пададзеныя ў перспектыўным скарачэнні архітэктурныя кулісы (размалёўка Нясвіжскага касцёла Божага Цела, 1750—53, мастак К.​Д.​Гескі і пры ўдзеле інш. прыдворных радзівілаўскіх мастакоў). Сценапіс кармеліцкіх касцёлаў усх. Беларусі (1750—60-я г.) вылучаўся паэтычнай апавядальнасцю, жанравасцю. У 1772 фрэскавыя размалёўкі Крыжаўзвіжанскай царквы Жыровіцкага манастыра выканаў мастак-базыльянін Шашалевіч, удала спалучыўшы ілюзорную перспектыву на фрэсцы з рэальнай перспектывай храма. Характэрнай з’явай позняга барока стала замяшчэнне стукавага дэкору — насценнымі размалёўкамі ў тэхніцы грызайль, архітэктурна-скульптурных алтароў ілюзорным сценапісам. У канцы 18 ст. ў фрэскавых размалёўках каталіцкіх, правасл. і уніяцкіх храмаў пераважалі рысы класіцызму (касцёл піяраў у в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на, цэрквы ў Вейне і Слаўгарадзе Магілёўскай вобл.).

Гал. жанрамі ў станковым жывапісе Беларусі 17—18 ст. з’яўляліся партрэт і алтарная карціна. Алтарны жывапіс знаходзіўся на раннебарочным этапе пад пэўным уплывам мясц. іканапіснай традыцыі. Два напісаныя на дошках алтарныя абразы з касцёла ў в. Шылавічы Ваўкавыскага р-на — «Святая сям’я» (1620-я г.) і «Бязгрэшнае зачацце» (да 1644) выразна дэманструюць кампазіцыйныя, каларыстычныя і жывапісныя асаблівасці бел. раннебарочнага алтарнага жывапісу. Да сярэдзіны 17 ст. ў алтарным жывапісе перасталі выкарыстоўваць дошкі, ляўкас, пазалоту фону. У карцінах на палатне, напісаных у часы сталага і позняга барока («Святы Аўгусцін» і «Святая радзіна з дзіцем Іаанам Хрысціцелем і яго бацькамі»), дамінуюць патэтыка і экспрэсія, экзальтаванасць, выкарыстоўваюцца цёмныя фоны, характэрная для барока энергічная святлоценявая лепка формы. У 17—18 ст. створаны нясвіжскі партрэтны збор, куды ўваходзілі партрэты каралёў (у т. л. Станіслава Аўгуста Панятоўскага, напісаны Ю.​К.​Гескім, 1768), продкаў і пародненых з Радзівіламі знакамітых родаў, а таксама серыя «партрэтаў у лаўровым вянку» (больш за 120). У збор увайшлі і асобныя партрэты з інш. радзівілаўскіх збораў (напр., «Партрэт Катажыны з Патоцкіх і Марыі Лупу» І.​Шрэтэра, 1648). Узоры высокай жывапіснай тэхнікі дэманстраваў у сваіх партрэтах і алтарных карцінах Б.​Стробель, які ў 1630-я г. працаваў у Вільні: партрэты Уладзіслава IV (каля 1635), Я.​Радзівіла (1633—34) і У.​Д.​Астрожскага (1630—36). У 1630—70-я г. гданьскі мастак Д.​Шульц выканаў у ВКЛ шэраг заказаў, у т. л. алтарныя карціны для Гродзенскага манастыра брыгітак (1630-я г., не захаваліся), рэпрэзентатыўны партрэт Я.​Радзівіла (каля 1652). Да сярэдзіны 17 ст. стала тыповым адлюстраванне мадэлі ў касцюме паводле нац. моды ў стандартнай застылай позе — т.зв. сармацкі партрэт. Сармацкія партрэты складалі аснову шляхецкіх галерэй, былі абавязковай дэталлю пахавальнай цырымоніі, змяшчаліся ў касцёлах і цэрквах як партрэты фундатараў гэтых храмаў, напр., М.​Завішы з Агінскіх (не захаваўся) і яе мужа І.​Завішы (пасля 1738). Партрэты фундатараў у храмах набывалі значэнне мемарыяла, жывапіснай эпітафіі (выявы К. і А.М. Весялоўскіх і іх прыёмнай дачкі Г.​Сапегі з Гродзенскага брыгіцкага касцёла, 1630-я г.). У партрэтах фундатараў вял. роля адводзілася атрыбутам, дадатковым адлюстраванням, тлумачальным подпісам, яны канкрэтызавалі змест твораў (напр., на партрэце канца 17 ст. віцебскага кашталяна А.​К.​Гансеўскага адлюстраваны засн. ім храм і інш.). У касцёле св. Ганны ў Кодані (пад Брэстам), фундаваным Сапегамі, знаходзіўся т.зв. сапегаўскі іканастас — зманціраваныя ў адзін суцэльны шчыт адлюстраванні прадстаўнікоў роду Сапегаў. Гэта партрэтная галерэя ў родавым храме-ўсыпальні налічвала 76 адлюстраванняў (1706, не захаваліся).

З 2-й пал. 18 ст. ў жывапісе Беларусі праявіліся прыкметы эстэтыкі Асветніцтва (партрэты А.​М.​Пузыны з Агінскіх і вучонага-езуіта Т.​Жаброўскага, 1770-я г.). Развіццю жывапісу Беларусі ў канцы 18 ст., засваенню стылістыкі класіцызму пры захаванні познабарочных рыс спрыяла дзейнасць у Літве і Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. па-еўрапейску адукаваных жывапісцаў Ш.​Чаховіча, А.​Грушэцкага (працаваў пры двары А.​Тызенгаўза ў Гродне), І.​Прэхтэля, Г.​Грубера (у 1784—1805 выкладаў архітэктуру і жывапіс у Полацкай езуіцкай акадэміі), Л.​Смуглевіча і яго сына Ф.​Смуглевіча, які стаў першым прафесарам створанай у 1797 кафедры жывапісу Віленскага універсітэта. Бел. барочныя абразы 17 ст. вызначаліся жыццесцвярджальнай напоўненасцю і псіхалагічнай глыбінёй: «Маці Божая Рымска-Лідская (Замілаванне)» (1656), «Адзігітрыя» (Маці Божая Баркалабаўская), «Маці Божая» з Басценавіч. Найб. яскравыя рысы іканапісу 17 ст. — манументальнасць, прапарцыянальная яснасць кампазіцыі, пабудаванай з матэматычнай дакладнасцю і свабодай, адсутнасць празмернай дэталізацыі: «Вялікапакутніца Параскева» з в. Бездзеж Драгічынскага р-на (1659), «Сімяон Стоўпнік», «Прарок Ілья» (абодва сярэдзіна 17 ст.). На бел. абразах 17—18 ст. часцей пазначаліся імёны заказчыкаў, а імёны мастакоў падпісаны толькі ў рэдкіх выпадках (напр., аўтар абраза «Нараджэнне Маці Божай» Пётр Яўсеевіч з Галынца, 1649). У іканапісных майстэрнях захоўвалася пераемнасць у творчасці майстроў асобных рэгіянальных цэнтраў. Традыцыі бел. іканапісу прадоўжаны ў абразах «Ян Непамук» (1732) і інш. Творы магілёўскіх мастакоў-іканапісцаў вылучаліся высокім выканаўчым майстэрствам, тэхнічнай дасканаласцю, выразнай жывапіснай мадэліроўкай твараў святых, дэкаратыўнасцю і колеравай насычанасцю адзення («Маці Божая Адзігітрыя», «Св. Мікола», «Дэісус», абраз «Узнясенне», выкананыя Фамой Сілінічам, 1808). Для многіх абразоў Случчыны ў 17 ст. ўласціва ўскладненая ідэйная праграма, арыгінальная іканаграфія, адметны «ўсходні» тып твараў, іх вытанчаная адухоўленасць. Слуцкі іканапіс сярэдзіны 18 ст. прадстаўлены ў першую чаргу творамі мастака В.​Маркіянавіча (вядома больш за 10 яго твораў, 1759—66), выкананых з выкарыстаннем тэхнікі ляпной арнаментацыі, а не разных фонаў па ляўкасе, як у папярэднія часы. Такую ж тэхналогію лепкі па ляўкасе выкарыстоўваў у сярэдзіне 18 ст. і невядомы мастак-іканапісец, які працаваў на Палессі: трохчасткавы абраз-складзень «Маці Божая са св. Наталляй і Архангелам Рафаілам» (1760), «Св. Варвара», «Іаан Прадцеча», «Тройца старазапаветная» і інш. Наіўна-баракальная манера характэрна палескаму іканапісцу Томашу Міхальскаму, які працаваў у наваколлі Кобрына і Ковеля. Яго творам уласцівы тыповыя для Зах. Палесся пасярэбраныя аграфленыя фоны, спроба перадачы складаных рухаў фігур, кантрастная колеравая гама, блізкая да нар. эстэтыкі. Творы мастакоў добрай вывучкі ўсё больш набліжаліся да зах. барочнага жывапісу, шмат абразоў стваралася на палатне як станковыя алтарныя карціны. Пашырылася тэхніка рэльефнай разьбы па ляўкасе, калі замест жывапісу ўся паверхня, акрамя твараў і рук персанажаў, вырашалася як суцэльны рэльеф, пасярэбраны ці пакрыты пазалотай, што імітавала сярэбраныя шаты («Спас Уседзяржыцель», 17 ст.). Абразы, прызначаныя для небагатых вясковых храмаў, у 18 ст. стваралі мастакі-прымітывісты, якія ў сваіх творах увасаблялі простанар. ўяўленні («Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 1744; «Дабравешчанне са святой Параскевай» і інш., творы т.зв. латыгаўскага майстра і інш.). Актуальная на працягу ўсёй эпохі марыяльная тэматыка бел. барочнай гравюры прадстаўлена шматлікімі медзярытамі і дрэварытамі з цудатворных абразоў Маці Божай. Яны вельмі розныя паводле маст. якасцей (ад медзярытаў прафес. майстроў да нар. дрэварытаў-лубкоў), разнастайныя па функцыянальным прызначэнні і форме (кніжная ілюстрацыя, вялікія серыйныя гравюры на асобных лістах і маленькія адбіткі для паломнікаў). У іх ліку першае графічнае адлюстраванне абраза Маці Божай Жыровіцкай у віленскім выданні (1628), серыя графічных аркушаў, прысвечаных абразу Маці Божай Ражанастоцкай, тытул і медзярыты з адлюстраваннем Багародзічных свят з «Разарыуму», выкананыя А.​Тарасевічам у Глуску (1672), гравюра П.​Бацэвіча і Л.​Тарасевіча, прысвечаная абразу Маці Божай Жыровіцкай (1682). У ліку першых твораў раннебарочнай эмблематычнай гравюры ў ВКЛ былі 5 дрэварытаў, прысвечаных Я.​К.​Хадкевічу, змешчаныя ў панегірыку, выдадзеным у акад. (езуіцкай) віленскай друкарні (1621).

У кніжнай і станковай гравюры Беларусі 17—18 ст. найб. пашыранай тэхнікай паступова станавіўся медзярыт. У дрэварыце ў гэты час працавалі мастакі правасл. Віленскай, Еўінскай, Куцеінскай (да канца 1650-х г.), Магілёўскай брацкай друкарань і нар. гравёры-прымітывы (напр., супрасльскі гравёр П.​Комар). Магілёўскія майстры канца 17 — пач. 18 ст. В.​Вашчанка, Ф.​Ангілейка, А.​Пігарэвіч і інш. выкарыстоўвалі дрэварыт, зыходзячы з кансерватызму магілёўскіх правасл. братчыкаў, практычнасці (дрэварыт не трэба было друкаваць асобна ад тэксту) і сваіх навыкаў. Іх дрэварыты, невялікія па памерах, з досыць простым лінеарным малюнкам, пераклікаюцца са стылем дрэварытаў папярэднікаў (напр., куцеінскіх гравёраў), простанар. па характары кампазіцыямі, што развівалі традыц. тэмы правасл. іканаграфіі, часам асобныя тэмы зах. паходжання. Кіраўнік магілёўскай друкарні ў 1693—1704 М.​Вашчанка свае графічныя творы выконваў у тэхніцы медзярыту («Манархія турэцкая», 1678; 42 гравюры для «Акафістаў і канонаў», 1693), удала злучаючы традыцыі ўсходнехрысц. іканаграфіі з дэталямі, сугучнымі заходнееўрап. прачытанню хрысталагічных і марыяльных сюжэтаў. Майстры-гравёры, што працавалі ў 17 ст. ў Вільні, аддавалі перавагу металагравюры і стваралі складаныя па змесце і тэхнічным выкананні эмблематычныя, партрэтна-панегірычныя творы і ілюстрацыі для выданняў віленскай езуіцкай акад. друкарні. У іх ліку К.​Гётке (выканаў тытульную гравюру, прысвечаную ўслаўленню Я.​С.​Тышкевіча, 1642), Л.​Вілатц («Партрэт Валовіча», 1669), Л.​Кршчановіч («Партрэт полацкага епіскапа Мадалінскага», 1674), І.​Шчырскі (ілюстрацыі да панегірыка Ц.​Жахоўскага, 1683). З бел. майстроў металагравюры найб. плённымі і дасканалымі былі браты А. і Л. Тарасевічы з Глуска: тытульныя гравюры і складаныя шматфігурныя цыклы ілюстрацый, партрэтна-эмблематычныя кампазіцыі і адлюстраванні цудатворных абразоў Маці Божай (1670—80-я г.). Да лепшых твораў бел. барочнай металагравюры належаць выдадзены ў Слуцку «Партрэт мінскага харунжага К.​Клакоцкага» А.​Тарасевіча (1685), «Партрэт ашмянскага прыстольніка Г.​Зямлі» (мяжа 1680—90-х г.), тытульная ілюстрацыя да «Служэбніка», выдадзенага ў супрасльскай базыльянскай друкарні (1695) Л.​Тарасевіча. У 18 ст. ў Вільні працавала больш за 20 мастакоў-гравёраў, сярод іх — Ф.​Бальцэвіч — аўтар вялікай гравюры з адлюстраваннем св. Казіміра (1749), партрэтаў, экслібрысаў і рэлігійных карцінак, прызначаных для простага народа. Адным з самых грандыёзных праектаў у бел. графіцы эпохі барока з’явілася выданне ў Нясвіжы альбома «Ікона (выява) роду князёў Радзівілаў» (1758), які ўключаў 165 буйнафарматных аднатыпных партрэтных гравюр на метале, падрыхтаваных прыдворнымі мастакамі і гравёрамі на чале з Г.​Ляйбовічам (1700—70).

Серыя малюнкаў-сепій Ф.​Смуглевіча «Архітэктурныя віды Вільні» (1785) належыць ужо іншаму, новаму перыяду гісторыі мастацтва, калі аўтарскі малюнак пачынае ўспрымацца паўнавартасным творам мастацтва і набывае самастойную маст. каштоўнасць. З узнікненнем у 17—18 ст. на Беларусі школьных і прыватнаўласніцкіх тэатраў у маёнтках магнатаў развівалася тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва. У тэатрах працавалі мастакі: езуіт Мацей Бейтнік (Мінск), І.​Мараіна, Ян Бой (Слонім), Дж. дэла Мома, А.​Главацкі, Э.​Ванжура (Шклоў); у Нясвіжы дэкарацыі розных тыпаў стваралі мастакі М.​Скржыцкі, Гескія, Нікалаеўскі.

Партрэт Ф.​Скарыны. Біблія. 1517—19.
Іосіф. Скульптура алтара ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. 1633—44.
Невядомы мастак. Спас Уседзяржыцель. 17 ст.

т. 18, кн. 2, с. 650

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭАТРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА АД ВЫТОКАЎ ДА ПАЧАТКУ 20 ст.

Тэатр — адзін з найб. стараж. і распаўсюджаных відаў мастацтва на Беларусі. Яго вытокі ў міфалогіі, нар. рытуалах, карагодах, карнавальных шэсцях і гуляннях. Многія каляндарна-абрадавыя святы, звязаныя з гадавым кругаваротам сонца, утрымліваюць элементы драматургіі, славеснага і фізічнага дзеяння, гульнёвую імправізацыю, што ўласціва тэатр. мастацтву. Нар. святы, рытуалы, тэатралізаваныя гульні прымяркоўваліся да кожнай пары года: з вясенняга цыкла — гуканне вясны, Сёмуха, русаллі, з летняга — Купалле, зажынкі, дажынкі, з асенняга — Пакроў, Багач, з зімовага — Каляды, масленіца і інш. Асабліва вылучаліся сваёй яркасцю, багатай тэатралізацыяй Купалле і Каляды — час летняга і зімовага сонцастаяння. Купалле праводзілася на працягу толькі адной ночы, але па насычанасці драматургічнымі элементамі, гульнёва-тэатр. ігрой яго можна назваць вялікай нар. містэрыяй. Каляды адзначаліся на працягу 2 тыдняў і яшчэ больш звязаны са сцэн. дзеяннямі, выканальніцкай традыцыяй (выкарыстанне калядоўшчыкамі масак і грыму, пераапрананне ў мядзведзя, казу і інш., паказ драм. сцэн, выступленні з дыялогамі, маналогамі і г.д.). Другой крыніцай узнікнення і фарміравання фалькл. тэатра стаў «кругаварот» чалавечага жыцця. Рытуаламі, нар. абрадамі, магічнымі дзеяннямі, у якіх таксама ёсць выразныя элементы драм.-тэатр. ігры, адзначаюцца ўсе асн. жыццёвыя вехі чалавека: ад нараджэння (адведкі, хрэсьбіны) да памінання памерлага. Найвышэйшы іх узлёт — вяселле, якое складаецца з трох асноўных цыклаў: давясельнага (сватанне, агледзіны, заручыны), уласна вясельнага і паслявясельнага (працягваецца значны час). Яно суправаджаецца элементамі ігры, тэатр. дзейства. Цэнтр. яго частка — сам ход вяселля, дзе адбываецца акрэслены падзел на гледачоў (запрошаныя госці за сталом і незапрошаныя, якія назіраюць за падзеямі збоку) і непасрэдных дзеючых асоб абраду. Асн. персанажы, на якіх ускладаюцца кіраўніча-рэжысёрскія функцыі, — сват і свацця. Іншыя дзеючыя асобы, у т. л. жаніх і нявеста, таксама выконваюць прызначаныя ім ролі. Е.​Раманаў назваў бел. вяселле нар. операй.

На пачатку зараджэння сцэн. мастацтва не было відавочнага падзелу на выканаўцаў і гледачоў — усе маглі выконваць абедзве функцыі. З развіццём грамадства і дасягненнем пэўнага ўзроўню цывілізацыі ўзнікла патрэба ў адмысловых майстрах, спецыялістах сваёй справы. Так з’явіліся першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх пачынаецца з даўніх часоў. У залежнасці ад заняткаў іх называлі па-рознаму (гудцы, плясцы і інш.). З 11 ст. замацоўваецца тэрмін «скамарохі» (паводле галоўнага творчага занятку ўжываюцца таксама паняцці «бахары», «мядзведнікі»). Яны падзяляліся на вандроўных і аселых. Найб. распаўсюджанне і вядомасць набылі вандроўныя скамарохі, якія выступалі на кірмашах, плошчах і інш. людных месцах. Іх мастацтва, разлічанае на самыя шырокія нар. масы, вызначалася глыбокім дэмакратызмам, крытычнай скіраванасцю ў бок чалавечых заган і пануючых класаў, а ўмовы выступленняў вымагалі імправізацыйнасці, умення прыстасоўваць паказы да розных абставін. У рэпертуары — фалькл. і жыццёва рэальныя сюжэты пераважна камедыйна-фарсавага і сатыр. плана. Пазней, калі ў грамадстве склаліся пануючыя класы, узніклі аселыя скамарохі. Яны выступалі ў княжацкіх палацах, магнацкіх і панскіх маёнтках, абслугоўвалі гаспадароў і іх гасцей. Іх мастацтва мела ўвесяляльны характар, але вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам і культурай. Творчасць скамарохаў спалучала ўсе асн. віды сцэн. мастацтва — драм., муз., вакальнае, танцавальнае, цыркавое, эстраднае. Яны выступалі не толькі выканаўцамі, а вялі і арганізатарскую, пастановачна-рэжысёрскую працу. Дзейнасць аселых скамарохаў спынілася ў 19 ст., вандроўныя выступалі і ў пачатку 20 ст. З 16 ст. пашырыліся школьныя тэатры, створаныя на тэр. Беларусі пад уплывам краін Захаду. Яны існавалі пры духоўных навуч. установах (акадэміях, калегіумах, семінарыях, брацкіх школах). Спачатку — у каталіцкіх, а пазней ва уніяцкіх і правасл. вучэльнях, дзе выхаванцы авалодвалі сцэн. маўленнем і тэатр.-выканальніцкім умельствам. Драм. творы розных жанраў — літургічныя драмы, містэрыі, міраклі, маралітэ — ствараліся на сюжэты Бібліі, антычнай міфалогіі, тэмы гісторыі. Іх аўтарамі звычайна былі выкладчыкі навуч. устаноў. У галіне драматургіі працавалі Сімяон Полацкі (пазней ён пераехаў у Маскву, дзе стаў заснавальнікам школьнай драмы і тэатра ў Расіі), К.​Марашэўскі (асаблівую папулярнасць набыла яго «Камедыя», сюжэт і вобразы якой выкарыстоўваюцца і ў сучасным бел. сцэн. мастацтве), М.​Цяцерскі (найб. вядомы яго твор — «Доктар па прымусе» паводле Ж.​Б.​Мальера) і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ўстаўныя сцэнкі — інтэрмедыі, не звязаныя з асн. сюжэтам, пераважна камед. і сатыр. плана на тагачасныя свецкія і фалькл. тэмы. Іх аўтарамі выступалі самі шкаляры-навучэнцы. З найб. каларытных інтэрмедый — «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік», «Селянін і студэнт», «Селянін і студэнт-уцякач», «Літаратар, селянін і Самахвальскі», «Мужык», «Змітрок і Свірыд», «Селянін у касцёле», «Селянін на споведзі». Вобразы беларусаў з іх характэрнай лексікай выведзены ў асобных інтэрмедыях да школьных драм «Уладатворчы воблік», «Уваскрэсенне мёртвых», «Стэфанотакас», «Камічнае дзеянне», «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» і інш. Пастаноўшчыкамі спектакляў былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі, а выканаўцамі — навучэнцы. Спектаклі ставіліся паводле эстэтыкі сцэн. класіцызму са строгім захаваннем прынцыпаў і манеры выканання. У інтэрмедыях дапускаліся адступленні ад устаноўленых правіл, яны выконваліся больш у жыццёва-побытавым плане. Паказы школьных драм, часам з выкарыстаннем даволі складанай тэатр. машынерыі і дэкарацыйна-светлавой сістэмы афармлення, адбываліся ў вучэбных памяшканнях. Былі выпадкі, калі навучэнцы-шкаляры, каб атрымаць пэўны заробак, у час канікул вандравалі па розных населеных пунктах і разыгрывалі інтэрмедыйныя сцэны перад шырокай публікай. У розны час школьныя тэатры працавалі ў Полацку, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску. Яны праіснавалі да пач. 19 ст.

Самы папулярны від фалькл. сцэн. мастацтва — лялечны тэатр батлейка. Яго назва паходзіць ад польскай назвы г. Віфлеем — месца нараджэння Хрыста. Батлейка ўяўляла сабой маляўніча аздобленую драўляную скрынку ў форме хаткі ці царквы, падзеленую на 2 ярусы: верхні і ніжні. У падлозе кожнага з іх былі проразі, па якіх на шпянях батлейшчык вадзіў лялькі. Падзеі, што адбываліся ў батлейцы, асвятляліся свечкамі. Лялькавод знаходзіўся за шырмай, адкуль прамаўляў за дзеючых асоб інтанацыйна-індывідуалізаваны тэкст. Паказы суправаджаліся музыкай (звычайна скрыпкі, бубна). Яны складаліся з 2 аддзяленняў: рэліг. часткі, у якой паказвалася містэрыя «Цар Ірад» (апавяданне пра нараджэнне Хрыста і пра каварныя ўчынкі, якія здзяйсняў цар Ірад, каб утрымацца на троне), і свецкай, дзе разыгрываліся асобныя сцэнкі на быт. і фалькл. тэмы, не звязаныя з асн. тэкстам драмы. Падзеі 1-й часткі паказваліся на верхнім ярусе, 2-й — на ніжнім. Спектаклі былі сінтэтычныя, убіралі ў сябе драм., вакальна-муз., танцавальнае мастацтва. Асабліва шырока выкарыстоўваліся песні і скокі ў 2-й інтэрмедыйнай частцы паказу. Выканаўцамі напачатку выступалі шкаляры-семінарысты, пазней — рамеснікі, сяляне. Прафесія батлейшчыка нярэдка перадавалася з пакалення ў пакаленне па спадчыне. Мастацтва батлейкі спалучала ў сабе сярэдневяковыя містэрыяльную строгасць і ўзнёсласць з весялосцю і карнавальнай культурай. Паказы батлейкі, распаўсюджанай па ўсёй Беларусі, адбываліся на вуліцах, плошчах, інш. людных месцах, а найчасцей — у дамах, выконваючы ролю своеасаблівага хатняга тэатра. У сваім развіцці батлейка прайшла вялікі эвалюцыйны шлях — ад «Цара Ірада» да інтэрмедый, камедыйна-сатырычных па жанры і глыбока дэмакратычных па змесце, у якіх знайшла адлюстраванне нар. філасофія. Сярод інтэрмедый: «Вольскі — купец польскі», «Мацей і доктар», «Барыня і доктар», «Волжскі дваранін і Ванька», «Яўрэй і казак», «Цыган і цыганка», «Скамарох з мядзведзем». У Беларусі вядомы каля 40 лялек-персанажаў, увасоблены асн. тыпы тагачаснага грамадства і фалькл. вобразаў, дзякуючы чаму батлейка мела шырокія магчымасці для адлюстравання самых розных тэм і сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ставіліся спектаклі і без «Цара Ірада». Тады паказы адбываліся ў аднаяруснай скрынцы. Выступалі батлейшчыкі і ў жывым плане, у т.зв. батлеі. З пач. 20 ст. ў спектаклях часам адлюстроўваліся надзённыя падзеі той мясцовасці, дзе адбываліся паказы, і батлейка выконвала ролю своеасаблівай жывой газеты (напр., тэатр Патупчыка ў Докшыцах). Напр., у 1915 у Мінску 90 разоў быў наладжаны паказ такой жывой батлейкі. Мастацтва бел. батлейкі М. і І. Барашкі дэманстравалі ў 1923 у Маскве на сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы.

Вышэйшы этап развіцця фалькл. тэатр. творчасці — нар. драма, якая сінтэзавала дасягненні скамарохаў, батлейшчыкаў, выканальніцкае мастацтва школьных інтэрмедый, вядомая на Беларусі з 17 ст. Асноўны драм. твор — «Цар Максімілян» — меў шмат варыянтаў. Іншы раз яго замянялі «Цар Ірад» у жывым выкананні ці кантамінацыя абодвух твораў — «Трон». Як і ў батлейцы, у нетрах якой фактычна і сфарміравалася нар. драма, паказы падзяляліся на 2 часткі: сур’ёзную, дзе разыгрываўся асн. сюжэт (узыходжанне Максіміляна на царскі трон, яго барацьба з сынам Адольфам, смерць апошняга, пахаванне) і камедыйную, у якой разыгрываліся інтэрмедыйныя сцэнкі, нярэдка ў пашыраных і паглыбленых варыяцыях батлейкі. Асн. сюжэт і разрозненыя, не звязаныя адна з адной інтэрмедыі аб’ядноўвала агульная карнавальная накіраванасць і танальнасць, нар. «смехавая» культура, дзе прыніжалася высокаўзнёслае, а фамільярнасць трактавалася як нармальная форма зносін паміж людзьмі; смехам нішчыліся сац. няроўнасць, прыгнёт, чалавечыя заганы. Нар. драма наблізілася да мастацтва прафес. тэатра: паказы па працягласці часу былі прыкладна раўназначныя спектаклям, вяліся рэпетыцыі, выканаўцы завучвалі тэкст, распрацоўвалі мізансцэны, выкарыстоўвалі грым, спец. касцюмы, рэквізіт, які замяняў дэкарацыі. У якасці рэжысёра была сцэн. традыцыя. Нар. драма канчаткова сфарміравала і зацвердзіла прыёмы і манеру ігры ў фалькл. тэатры: сцэн. дэкламацыйнасць, гукавая ўзмоцненасць і напеўнасць маўлення, шырокія, узбуйненыя жэсты і рухі, знешняя кідкасць, падкрэсленая ўмоўнасць існавання ў вобразе, спец. выкарыстанне эфектаў, імправізацыйнасць, непасрэдная апеляцыя да гледачоў і інш. Нар. драма зрэдку ставілася аматарамі і ў 20 ст. (апошнія паказы вядомы ў 1963), выкарыстоўвалася і ў прафес. тэатры (1924, 1926).

Фалькл. сцэн. мастацтва — скамарохі, інтэрмедыі школьнага тэатра, батлейка, нар. драма — паўплывала на станаўленне і развіццё нац. прафесійнага тэатра. У 18 ст. створаны шматлікія прыдворныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, якія нярэдка з аматарскіх перарасталі ў прафес. калектывы. Напр., у Альбе пад Нясвіжам 13.6.1746 сыграна камедыя Ф.​У.​Радзівіл «Дасціпнае каханне» (на 10 гадоў раней, чым першы спектакль «бацькі рускага тэатра» Ф.​Волкава ў Яраслаўлі). Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, заснаваны ў 1746 Ф.​У.​Радзівіл, працаваў з некаторымі перапынкамі да 1791. У 1747—48 для яго пабудаваны спец. будынак, спектаклі ставіліся і ў інш. месцах. Для гэтага тэатра Ф.​У.​Радзівіл стварыла 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Сярод пастановак яе п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Убачанае не мінае» (1749), «Забава фартуны», «Суцяшэнне ў клопатах» і «Золата ў агні» (усе 1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751). Рэжысёрамі былі Ф.​У.​Радзівіл, Я.​Фрычынскі і інш. Разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі запрошаныя майстры. Сярод найб. вядомых выканаўцаў К.​Аўсінскі, Я.​Закжэўскі, М.​Лазанская, М.​Перажынская, В.​Ясінскі. Падзеяй стала пастаноўка 17.10.1784 оперы «Агатка, або Прыезд пана» (музыка Я.​Голанда, лібрэта М.​Радзівіла), прымеркаваная да прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тэатр. справу, пачатую Ф.​У.​Радзівіл, працягвалі інш. прадстаўнікі роду Радзівілаў. У 1751 Г.​Ф.​Радзівіл стварыў тэатр у Слуцку (спец. памяшканне для яго пабудавана ў 1765), дзе ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі; з выканаўцаў — Мараўскі, Ажэльскі, у пастаноўках удзельнічалі кадэты, падданыя Радзівіла. У 1769—80 працаваў Гродзенскі тэатр А.​Тызенгаўза, які набыў вядомасць высокім выканальніцкім майстэрствам. Ставіліся творы італьян., ням., франц. аўтараў. Трупа папаўнялася і запрошанымі з-за мяжы акцёрамі, і выпускнікамі мясц. муз.-тэатр. школы (у 1780 у ёй налічвалася больш за 70 чал.). Сярод найб. вядомых акцёраў М.​Адольская, А.​Бжазінскі, Е.​Валінскі, А.​Дарэўская, Р.​Лаўцэвіч, М.​Малінская, Д.​Пякарская-Сітанская, М.​Рымінскі, М.​Сітанская, М.​Чаклінская. У 1771—91 у Слоніме працавала прыдворная тэатр. трупа М.​К.​Агінскага. Спачатку яна існавала як «плывучы тэатр» (паказы наладжваліся на баржах на Агінскім канале), у 1780 пабудавана адмысловае шыкоўнае памяшканне, прыстасаванае для грандыёзных па маштабе спектакляў з вялікай колькасцю выканаўцаў і ў пышным маст. афармленні. Частка сцэны запаўнялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі, білі асветленыя бенгальскімі агнямі 2 фантаны, паказваліся розныя водныя феерыі з дапамогай піратэхнікі, баталіі коннікаў. Ставіліся оперы, балеты, муз. камедыі, трагедыі, у т. л. «Альзіра» і «Мар’яна» Вальтэра, «Зменены філосаф» і «Елісейскія палі» М.​К.​Агінскага. Філіялы Слонімскага тэатра працавалі ў г. Седльцы (Польшча) і мяст. Целяханы.

Маштабнасцю і пышнасцю паказаў вызначаўся Шклоўскі тэатр графа С.​Зорыча, які дзейнічаў у 1778—1800 (памяшканне пабудавана ў 1780). У ім выступалі замежныя гастралёры, навучэнцы кадэцкага корпуса, прыгонныя выканаўцы. Асабліва славіўся драм. акцёр П.​Мяшчэрскі, выканальніцкая манера і майстэрства якога паўплывалі на творчасць рэфарматара рус. сцэны М.​Шчэпкіна. Вядомасць набылі прыгонныя акцёры — сёстры П. і К. Азарэвічы, Г. і Р. Бекеры, К.​Буткевіч, М.​Бушынская, Г.​Максімовіч, Я.​Палітыка, К.​Скорабагаты, Н.​Соніна, Л.​Суворава, Я.​Чуцікаў, Ф.​Шамборскі, А.​Янкілевічава. Асабліва грандыёзнае тэатр. відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) наладжана 30.5.1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстр. імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор. Пашыранымі ў 18 ст. былі і маёнткавыя сцэн. калектывы. Сярод іх тэатры князёў Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах. У г. Магілёў працаваў тэатр графа З.​Р.​Чарнышова. Пры буйнейшых тэатр. калектывах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове) арганізоўваліся школы, якія рыхтавалі акцёраў, музыкантаў. Высокімі патрабаваннямі і дакладна арганізаваным навуч. працэсам славілася муз.-тэатр. школа Тызенгаўза ў Гродне. Выкладаць у ёй запрашалі замежных спецыялістаў, а таксама найб. таленавітых выхаванцаў уласных школ. Шэраг выпускнікоў з Гродна, Шклова пазней сталі вядучымі творцамі Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У канцы 18 ст. на Беларусі з’явіліся першыя прафес. антрэпрызы камерцыйных агульнадаступных тэатраў, якія сталі пашыранымі ў пач. 19 ст. У 1801 М.​Кажынскі ў Гродне арганізаваў оперна-драм. трупу, якая ў 1802—05 працавала ў Мінску, гастраліравала ў Маскве, Віцебску, Полацку, Бешанковічах і інш. У 1811—32 мінскую антрэпрызу ўзначальваў А.​Жукоўскі. У 1812 Я.​Ходзька з групай паліт. і культ. дзеячаў паставіў у Мінску сваю п’есу пра падзеі вайны 1812 «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». Даволі інтэнсіўным было тэатр. жыццё ў Гродне. З 1794 тут выступала трупа актрысы і антрэпрэнёра С.​Дэшнер. У 1802 яна атрымала дазвол мясц. улад на сталую арэнду памяшкання гар. тэатра. З 1806 гэты калектыў узначальваў Я.​Шыманскі. Сярод спектакляў «Зоська, ці Вясковыя залёты» М.​Каменскага, «Служанка-пані» Дж.​Паізіела, «Данос» В.​Капніста. З пач. 19 ст. арганізоўваліся тэатр. трупы ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Полацку, Слуцку, Шклове і інш., але працавалі яны не заўсёды стабільна. Сярод найб. вядомых кіраўнікоў тэатраў-антрэпрэнёраў К. і Я. Камінскія, Ю.​Мілеўскі, А.​Руткоўскі, Р.​Скібінскі, Я.​Хелмікоўскі. З пач. 19 ст. па 1861 на Беларусі працавала больш за 50 антрэпрэнёраў.

Самая маштабная постаць у бел. драматургіі і тэатр. мастацтве 19 ст. — В.​Дунін-Марцінкевіч, які заклаў асновы нац. тэатра. У пач. 1840-х г. ён ствараў драм. творы і ўдзельнічаў у іх пастаноўках: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (выканаў ролю Іагана Бенатана), «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Сялянка» (апублікавана ў 1846). З 2-й пал. 1840-х г. В.​Дунін-Марцінкевіч вёў мэтанакіраваную працу па стварэнні прафес. нац. тэатра, які адкрыўся 9.2.1852 у Мінску спектаклем «Сялянка» (рэж. В.​Дунін-Марцінкевіч, музыка С.​Манюшкі, К.​Кжыжаноўскага і інш.). Пастаноўка сінтэзавала драм., вакальна-муз. і танц. мастацтва. Акрамя выканаўцаў роляў (у складзе трупы было больш за 20 чалавек), удзельнічалі хор і аркестр. Найб. поспех меў В.​Дунін-Марцінкевіч — выканаўца цэнтр. ролі Навума Прыгаворкі. У спектаклі выступалі яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Кжыжаноўскі, Лопат, Ляўданскі, Кабылінскі, Прушынскі і інш. Спектакль вызначаўся маштабнасцю і сцэн. маляўнічасцю, наследаваў традыцыі нар. фалькл. і прафес. тэатр. мастацтва. Пасля першага паказу «Сялянкі» дзейнасць тэатра забаронена ўладамі. Нелегальныя паказы адбываліся да 1856 у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Пазней В.​Дунін-Марцінкевіч працягваў тэатр. дзейнасць у фальварку Люцынка (каля г. Івянец) разам з вучнямі ў створанай ім школе. Сярод яго драм. твораў, якія захаваліся, — фарсы-вадэвілі «Пінская шляхта» (1866), «Залёты» (1870). Пачынанні В.​Дуніна-Марцінкевіча ў драматургіі працягвалі Я.​Баршчэўскі (рамант. драма «Жыццё Сіраты», 1849), П.​Шпілеўскі (п’еса «Дажынкі», 1857), Г.​Марцінкевіч (камедыя «Аказія пры Палкоўніцах», паст. ў Віцебску ў 1862), А.​Вярыга-Дарэўскі (драма «Гордасць», камедыя «Гнеў», лібрэта камедыі-оперы «Грэх», усе ў 1863 канфіскаваны), Ядвігін Ш. (камедыя «Злодзей», 1892). Аднак царскай цэнзурай яны былі забаронены да пастаноўкі, і большасць з іх не захавалася.

У пач. 20 ст. разгарнуўся інтэнсіўны рух за адраджэнне бел. тэатра. У 1902 без дазволу цэнзуры, нелегальна пастаўлена п’еса «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага ў Радашковічах і маёнтку Карлсберг пад Радашковічамі, у 1906 — у Пятроўшчыне пад Мінскам. У 1909 у в. Кленікі на Гродзеншчыне ўвасоблена п’еса «Разумны і дурань» І.​Карпенкі-Карага. У 1910-я г. набылі папулярнасць бел. вечарынкі, на якіх ставіліся драм. спектаклі, чыталіся творы бел. пісьменнікаў, выконваліся нар. песні і танцы. Найб. значнай стала Першая бел. вечарынка ў Вільні, праведзеная 12.2.1910. У ёй удзельнічалі 3 калектывы: драм., створаны Ф.​Аляхновічам (паказана п’еса «Па рэвізіі», выканаўцы роляў А.​Бурбіс, Ч.​Родзевіч, Ф.​Мурашка, У.​Арлоўскі, Г.​Корсак, Ф.​Аляхновіч); харавы пад кіраўніцтвам Л.​Рагоўскага, які праспяваў «А хто там ідзе?» (музыка Л.​Рагоўскага на словы Я.​Купалы), бел. нар. песні; танцавальны на чале з І.​Буйніцкім. Удзельнічала каля 100 выканаўцаў, прысутнічала каля 1 тыс. гледачоў. Трыумфальна праведзеная вечарынка стала штуршком і асновай для стварэння нац. прафес. тэатра — Першай бел. трупы І.​Буйніцкага. Калектыў, арганізаваны І.​Буйніцкім у 1907 у в. Палівачы, быў папоўнены новымі выканаўцамі, у т. л. і ўдзельнікамі вечарынкі ў Вільні, і ўжо як прафес. тэатр — Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — летам 1910 выехаў на гастролі па Беларусі. У аснову дзейнасці тэатра быў пакладзены прынцып бел. вечарынак: у адзін вечар ставілася п’еса, хор выконваў нар. песні, паказваліся танцы, выступалі дэкламатары з чытаннем бел. вершаў. Тэатр быў вандроўны, праводзіў маст.-асветную работу і карыстаўся ў гледачоў вялікім поспехам. Выступаў у Мінску, Полацку, Дзісне, Слуцку, Нясвіжы, Смаргоні, Капылі і інш. гарадах і мястэчках Беларусі, у Пецярбургу (1911, 1912), Варшаве (1913). Сярод пастановак: «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава. У спектаклях удзельнічалі І.​Буйніцкі, А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч), Воінаў, Карскі, Карповіч і інш. У 1913 тэатр з-за матэрыяльных цяжкасцей і цэнзурнага ўціску спыніў сваю дзейнасць. Справу Буйніцкага прадоўжыў Ф.​Ждановіч. З прафес. акцёрамі і аматарамі Мінска ён падрыхтаваў спектакль «Паўлінка» Я.​Купалы і летам 1913 паказаў яго ў Радашковічах. Нягледзячы на поспех спектакля, Ф.​Ждановіч не атрымаў дазволу на адкрыццё ў Мінску новага тэатра — Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Адкрыццё тэатра адбылося значна пазней — 23.4.1917. На сцэне Мінскага гар. тэатра былі паказаны «Паўлінка» і «У зімовы вечар». Пазней Першае таварыства бел. драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.​Ждановіча працавала ў клубе «Беларуская хатка», у т. л. ў складаных умовах германскай і польскай акупацыі (1918—20). Упершыню тут былі пастаўлены «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота. Побач з вопытнымі акцёрамі [Ф.​Ждановіч і Ф.​Аляхновіч, якія займаліся і рэжысёрска-адміністрацыйнай дзейнасцю, Г.​Грыгоніс, К.​Міронава, П.​Мядзёлка, А.​Ліпніцкая, А.​Крыніца (сапр. А.​Ждановіч)] у тэатры працавалі і пачаткоўцы (І.​Ждановіч, У.​Галубок, М.​Міцкевіч, Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, С.​Станюта), якія пазней сталі выдатнымі майстрамі сцэны.

Значны след у гісторыі тэатр. мастацтва пакінуў Бел. музычна-драм. гурток у Вільні, які распачаў дзейнасць 19.5.1910 пастаноўкай Ф.​Аляхновічам п’есы К.​Каганца «Модны шляхцюк». Афіц. адкрыццё адбылося 31.3.1911, калі быў зацверджаны статут. Гурток упершыню даў сцэн. жыццё «Паўлінцы» Я.​Купалы (27.1.1913, рэж. А.​Бурбіс, у ролі Паўлінкі — С.​Маркевіч) і «Залётам» В.​Дуніна-Марцінкевіча на музыку М.​Ячыноўскай (25.1.1915, рэжысёры А.​Бурбіс і М.​Ячыноўская, у ролях К.​Душэўскі, А.​Бурбіс, З.​Бядуля). Калектыў ставіў «Міхалку» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.​Валодзьскага і інш. З-за акупацыі герм. войскам Вільні дзейнасць гуртка спынілася, але ўжо 1.6.1916 быў адкрыты Бел. клуб, у якім разгарнула працу Бел. драм. дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Тут пастаўлены яго п’есы «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «Чорт і Баба», сцэн. фантазія «У купальскую ноч», а таксама «Паўлінка», «Антось Лата» і інш. У 1918 калектыў, рэарганізаваны ў Нар. тэатр, узначаліў А.​Бароўскі. На яго аснове меркавалася стварыць у Вільні Бел. дзярж. тэатр, але задума засталася няздзейсненай.

т. 18, кн. 2, с. 677

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТА́КЛЬ (франц. spectacle ад лац. spectaculum відовішча),

твор сцэнічнага мастацтва, які ствараецца тэатр. калектывам, у сучасным т-ры ўзначальваецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам. У С. аб’ядноўваюцца мастацтва драматурга, рэжысёра, акцёраў, мастака, кампазітара і інш. Ідэйная і творчая задума С. вызначаюцца зместам п’есы, асаблівасцямі трупы, духоўнымі і эстэт. запатрабаваннямі гледача. Гл. таксама Акцёрскае мастацтва, Рэжысёрскае мастацтва, Сцэнаграфія, Тэатр.

т. 15, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),

1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.

2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.​Батычэлі, Ф.​Ліпі, С.​Марціні, Пізанела, П.​Учэла і інш.).

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),

імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІ́М Джавад (1920, г. Анкара — 1961),

іракскі жывапісец і скульптар. Вучыўся ў Парыжы (1938), Рыме (1939—40) і Лондане (1946—49). Заснаваў у Багдадзе скульпт. аддзяленне ў Ін-це прыгожых мастацтваў і «Групу сучаснага мастацтва» (1951). Жывапісныя і графічныя творы выконваў у духу мадэрнісцкіх кірункаў. У скульптуры, абапіраючыся на стараж. традыцыі іракскага мастацтва, імкнуўся стварыць своеасаблівы маст. стыль, адметны ўмоўна-абагульненай трактоўкай форм, дэкар.-арнаментальным характарам кампазіцыі. Асн. твор — манум. пано «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1959—60) у Багдадзе.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЮ́КСУС (лац. fluxus цячэнне),

авангардысцкі кірунак у мастацтве, асн. мэты якога — сувязь мастацтва і жыцця, ліквідацыя грамадска дэтэрмінаваных норм, пашырэнне паняцця мастацтва з дапамогай радыкальнага разбурэння межаў паміж кірункамі мастацтва і павышэнне здольнасці выклікаць у публікі перажыванне. Узнік у 1962 у Германіі. Падобны да хэпенінга, але адрозніваецца ад яго падзелам на мастакоў-акцёраў і гледачоў. Часта пазначаны як канцэрт. Дзейства ўключае ў сябе змешванне акустычных, харэаграфічных і муз. форм выяўлення (паводле тэарэтыка Ф.​Дж.​Мачунаса — «твор неспецыфічных форм творчасці»), Сярод вядучых прадстаўнікоў Ф. — І.​Бойс, Б.​Бок, В.​Фостэль (Германія), Дж.​Кейдж, Н.​Дж.​Пайк, Мачунас (ЗША). Фестывалі Ф. адбыліся ў Парыжы, Амстэрдаме, Вісбадэне, Капенгагене, Дзюсельдорфе, Гаазе, Лондане, Ніцы.

К.​Я.​Шэўніна.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)