РЭ́ЙНСКІЯ СЛА́НЦАВЫЯ ГО́РЫ (Rheinisches Schiefergebirge). Гал. ч. ў Германіі (часткова ў Бельгіі, Люксембургу, Францыі) па абодвух берагах сярэдняга цячэння р. Рэйн. Даўж. каля 400 км, выш. да 880 м (г. Гросер-Фельдберг). Складзены пераважна са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў і вапнякоў. Плато, над якім на 300—400 м узвышаюцца крышт. масівы (Таўнус, Хунсрук, Айфель і інш.) і вулканічныя купалы. Расчлянёны далінамі рэк Рэйн, Мозель, Лан. Дубовыя, букавыя і хваёвыя лясы, балоты, пустэчы. Тэрасы рачных далін і ніжнія ўчасткі схілаў апрацаваны. Жывёлагадоўля. Каля паўн. падножжаў — Рурскі вугальны басейн.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),
горад на З ФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф. прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж. б-ка, гал. дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)