БІ́ЦЦІ,

1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл. Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.

Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.

На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» і інш.

Літ.:

Волоконная оптика. М., 1993;

Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.

Я.В.Алішаў.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,

помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.

Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн. гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.

Л.Карнілава, Г.П.Жаровіна.

т. 5, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)