Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕВЫЯ (Equidae),
коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс.га, з іх у Беларусі 87,5 тыс.га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж.нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.
Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр.ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх.Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр.ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).
У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкі паўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).
Літ.:
Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;