БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. Накрыўкі.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,

у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн. м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.

Я.М.Селіцкая.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.

Я.М.Сахута.

Дарасінская кераміка.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.

Я.М.Сахута.

Дзісенская кераміка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

кухонны, сталовы і тарны посуд 10—18 ст., знойдзены пры археал. раскопках г. Заслаўя і Заслаўскага курганнага могільніка (Мінскі р-н). У 10—14 ст. выраблялі пераважна гаршкі для хатняга ўжытку, якія аздаблялі лінейным рыфленнем, хвалістымі лініямі, зігзагамі, касымі або прамымі насечкамі і інш. У 10 ст. арнаментавалі ўсё тулава гаршка, пазней — частку ад шыйкі да сярэдзіны тулава або толькі плечукі пасудзіны. У некат. вырабах дэкарыравалі толькі венчык. У 16—18 ст. асартымент посуду значна пашырыўся. Выраблялі танкасценны сталовы посуд (макотры, міскі, талеркі, чаркі і інш.) з высакаякаснай глінянай масы. Унутр. паверхню большасці вырабаў палівалі, знешнюю аздаблялі ангобам; некат. з іх палівалі звонку і знутры. Дэкарыравалі пераважна верхнюю частку вырабаў лінейным ці хвалістым арнаментам, валікамі, зашчыпамі, кветкавым узорам. У канцы 17—18 ст. выраблялі эмаліраваны керамічны посуд. З 18 ст. пашыраны чорназадымлены глянцаваны посуд. Для З.к. 16—18 ст. характэрны стандартызацыя і уніфікацыя форм посуду, блізкасць да мінскай керамікі.

Літ.:

Заяц Ю.А. Керамическая посуда Заславля X—XVIII вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993;

Яго ж Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.А.Заяц.

Заслаўская кераміка 10—11 ст.
Заслаўская кераміка. Гаршчок 15 ст. (злева); посуд 17—18 ст.

т. 6, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)