Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́Т, аксамітнае дрэва (Phellodendron),
род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (Р. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.
Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Н
(Musa),
род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.
Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш.харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. Расліны.