Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́РЫЯ (франц. prairie ад лац. pratum луг),
1) прыродная падзона лесастэпу са значным увільгатненнем ў Паўн. Амерыцы. Працягваецца ўздоўж усх. падножжаў Скалістых гор у ЗША і Канадзе. П. былі пашамі, дзе пасвіліся бізоны; цяпер б.ч. іх пад ворывам (вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бавоўнік). Пашырана эрозія глеб. Падобныя ландшафты характэрны для тропікаў усх. раёнаў Паўд. Амерыкі і Усх. Азіі.
2) Група фармацый травяністай (высакатраўнай) расліннасці ўнутраных ч. Паўн. Амерыкі (ЗША і Канада) стэпавага або радзей лесастэпавага тыпу з перавагай дзернавінных злакаў (кавыль, танканог, барадач, вейнік, бізонава трава і інш.). Таксама — травяністая расліннасць мезафільнага характару з перавагай двухдольных (разнатраўе).
т. 13, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́СЫНКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)