Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ЙО (Ohio),
штат на ПнУ ЗША, паміж воз. Эры і р. Агайо. Пл. 106,1 тыс.км². Нас. 11 091 тыс.чал., гарадскога каля 80% (1993). Адм. цэнтр — г. Калумбус. Найб. гарады Кліўленд, Цынцынаты, Акран, Кантан, Таліда, Дэйтан, Янгстаўн. На У — невысокае Апалачскае плато, парэзанае рачнымі далінамі. На З — узгорыстыя Цэнтральныя раўніны з урадлівымі глебамі. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да -3 °C, ліп. 23—25 °C; ападкаў 800—1000 мм за год. На плато месцамі захаваліся шыракалістыя лясы. Буйны індустр. штат, займае 3-е месца ў краіне па кошце вырабленай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, электратэхніка ў спалучэнні з аўтамабіле- і с.-г. машынабудаваннем, чорная металургія, хім., гумавая, харч., папяровая, керамічная; здабыча каменнага вугалю, нафты, прыроднага газу, солі і інш. Малочная і мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць кукурузу, авёс, сеяныя травы, пшаніцу, агародніну, садавіну, вінаград. Транспарт чыг. і водны (р. Агайо і воз. Эры). Гал. парты Кліўленд, Цынцынаты, Таліда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Аляксандр Васілевіч) (н. 16.9.1937, г. Белая Царква Кіеўскай вобл., Украіна),
бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1963), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1969), засл. трэнер Беларусі (1976), засл. трэнер СССР (1980). Праф. (1976). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1965). З 1972 трэнер зборнай каманды СССР, з 1980 гал. трэнер зборных каманд Беларусі па вольнай барацьбе. З 1981 прэзідэнт нац. федэрацыі вольнай і грэка-рымскай барацьбы, з 1992 — федэрацыі барацьбы Беларусі. З 1991 віцэ-прэзідэнт Нац.алімп.к-та Беларусі. Выступаў у паўцяжкай і цяжкай вазе. Чэмпіён XVIII, XIX і XX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка; 1972, г. Мюнхен, Германія). Чэмпіён свету (1962, 1966, г.Таліда, ЗША; 1963, 1971, Сафія; 1967, Дэлі; 1969, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна; 1970, г. Эдмантан, Канада). Чэмпіён Еўропы (1966, г. Карлсруэ, Германія; 1968, г. Скоп’е, Македонія; 1972, г. Катавіцы, Польшча). Чэмпіён СССР (з 1961 па 1963 і з 1966 па 1970). З 1970 на Беларусі праводзіцца традыц.міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы М. (катэгорыя «Гран-пры»). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),
група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс.км²; аб’ём вады 22,7 тыс.км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р.Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.
Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р.Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).
Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).