ТАКСАНО́МІЯ (ад грэч. taxis размяшчэнне, строй, парадак + nomos закон),
тэорыя і практыка класіфікацыі і сістэматызацыі складанаарганізаваных абласцей рэчаіснасці; раздзел сістэматыкі. Тэрмін прапанаваны ў 1813 швейц. батанікам А.П.Дэкандолем. Асн. задача Т. — стварэнне рацыянальнага вучэння аб таксанамічных катэгорыях (рангах) і іх супадначалення (іерархіі), якое дазваляе пабудаваць прыродную класіфікацыю арганізмаў. Т. дае магчымасць адначасова ўлічваць вял. колькасць розных прыкмет. Т., сістэматыка і класіфікацыя звязаны паміж сабой, іх значэнні часта перакрываюцца.
т. 15, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),
навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл. Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.
Я.М.Бабосаў.
т. 16, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА́ТЫКА (ад грэч. systēmatikos упарадкаваны, які адносіцца да сістэмы) у біялогіі, раздзел біялогіі, які займаецца апісаннем, пазначэннем і класіфікацыяй усіх існуючых і вымерлых арганізмаў, устанаўленнем роднасных сувязей паміж іх асобнымі групамі (таксонамі) — відамі, родамі, сямействамі і інш. Грунтуецца на даных усіх раздзелаў біялогіі, асабліва на эвалюцыйным вучэнні. Дазваляе арыентавацца ў мностве існуючых відаў жывёл (каля 1,5 млн.), раслін (каля 350—500 тыс. відаў) і мікраарганізмаў, а таксама вымерлых відаў. Складае базу для генетыкі, біяхіміі, біягеаграфіі, экалогіі, палеанталогіі і інш. біял. навук. С. асн. груп арган. свету (пракарыёт і эўкарыёт) маюць адны асновы, задачы і шмат агульнага ў метадах даследавання, аднак розным раздзелам С. ўласцівы шэраг асаблівасцей, звязаных са спецыфікай розных груп арганізмаў. Як асн. раздзелы вылучаюць С. жывёл і С. раслін (вывучаюць разнастайнасці жывёльных і расл. арганізмаў). Асн. задачы С. — вызначэнне шляхам параўнання індывід. і спецыфічных асаблівасцей кожнага віду і надвідавых таксонаў, іх месца ў эвалюцыі арган. свету, выяўленне агульных уласцівасцей у розных таксонах.
С. імкнецца стварыць усеагульную і натуральную (філагенет.) класіфікацыйную сістэму арган. свету, падпарадкавання таксонаў рознага рангу — ад віду да сістэм. царства і надцарства, вызначыць месца кожнага віду арганізма ў гэтай сістэме. С. часта падзяляюць на таксаномію, разумеючы тэорыю класіфікацыі арганізмаў, і ўласна С. ў шырокім сэнсе. Зрэдку тэрмін «таксаномія» выкарыстоўваюць як сінонім С.
Асновы С. як навукі закладзены працамі англ. прыродазнаўца Дж.Рэя і асабліва К.Лінея. Вучэнне Ч.Дарвіна надало С. эвалюц. змест.
Літ.:
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ. М., 1971;
Тахтаджян АЛ, О состоянии и перспективах развития систематики в СССР // Успехи совр. биологии. 1972. Т. 73, вып. 2;
Меликян А.П. Цели и задачи современной систематики растений. М. 1984.
Л.В.Кірыленка.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)