набліжанае вылічэнне інтэграла па некалькіх значэннях падынтэгральнай функцыі. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі падынтэгральная функцыя зададзена набліжана (напр., таблічна), інтэграл не выражаецца праз вядомыя функцыі, а таксама, калі Л.і. хутчэй вядзе да вынікаў з зададзенай дакладнасцю, чым дакладныя метады.
Вызначаныя інтэгралы ад адной пераменнай вылічваюцца па квадратурных формулах, кратныя — па кубатурных. Нявызначаныя інтэгралы папярэдне зводзяцца да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Падынтэгральную функцыю даводзіцца вылічваць у многіх пунктах, што прывяло да распрацоўкі спец. метадаў. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя, Набліжанае інтэграванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ,
знаходжанне вытворнай (або дыферэнцыяла) функцыі набліжанымі або лікавымі метадамі. Выкарыстоўваецца, калі метады дыферэнцыяльнага злічэння не прыдатныя (напр., функцыя зададзена таблічна) або выклікаюць значныя цяжкасці (напр., функцыя мае складаны аналітычны выраз).
Алгарытмы Н.д. часта выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вынікаў эксперыментаў, якія маюць абмежаваную дакладнасць. У такіх выпадках патрабуецца іх папярэдняе згладжванне. Дакладнасць алгарытмаў, заснаваных на інтэрпаляцыйных формулах істотна залежыць ад спосабу інтэрпаляцыі і часам бывае вельмі нізкай нават для дастаткова гладкіх функцый і вял. ліку вузлавых пунктаў. Большую дакладнасць маюць алгарытмы, заснаваныя на сплайн-інтэрпаляцыі, дзе будуецца інтэрпаляцыйная формула (сплайн), якая мае неперарыўныя вытворныя зададзеных парадкаў на зададзеным адрэзку інтэрпаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІК,
адлюстраванне залежнасці адной велічыні ад другой (напр., пройдзенага шляху ад часу).
1) Графік функцыі — геам. адлюстраванне функцыянальнай залежнасці з дапамогай лініі на плоскасці. Выгляд графіка залежыць ад характару функцыі і выбранай сістэмы каардынат (дэкартавай, палярнай, лагарыфмічнай або інш.). Некаторыя графіка функцыі маюць назву: акружнасць, гіпербала, дэкартаў ліст, ланцуговая лінія, завіток Аньезі, парабала і г.д. Паказвае характар змен функцыі (гл.Гістаграма, Дыяграма), а таксама дазваляе вылічыць яе значэнне па зададзеным значэнні аргумента (гл.Графічныя вылічэнні, Намаграма, Намаграфія). Існуюць прылады, якія аўтаматычна запісваюць графік, напр.графапабудавальнік вычэрчвае графік функцыі, зададзенай аналітычна або таблічна; барограф — графік атм. ціску як функцыю часу.
2) Графік руху на транспарце — план арганізацыі працэсу перавозак. Складаецца ў графічнай або таблічнай формах. Будуецца звычайна ў каардынатах «шлях — час»: па адной восі адкладваюць час (суткі, гадзіны, мінуты), а па другой — адлегласць паміж пунктамі (станцыі, порты, аэрапорты і інш.). Забяспечвае рытмічную работу рухомага саставу на лініі, узгадняе работу розных відаў транспарту, прадпрыемстваў і кліентаў (напр., флот — порт — чыгунка — станцыя) і г.д. 3) Вытворчы графік — каляндарны план выпуску прадукцыі прадпрыемствам ці яго асобнымі падраздзяленнямі. Гл. таксама Графік цыклічнасці.
Графік у палярных каардынатах: дыяграма накіраванасці сілы святла розных тыпаў свяцільняў.