Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙЦО́ВАЯ РЫ́БКА (Betta splendens),
сіямскі пеўнік, рыба роду пеўнікаў атр. акунепадобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Паўд.-Усх. Азіі. У Еўропу завезена ў канцы 19 ст. На Беларусі жыве ў акварыумах.
Даўж. 3—8 см. Цела выцягнутае, рознага колеру, пры спалоху і рэзкай змене ўмоў бясколернае. Самцы ярчэйшыя за самак, задзірыстыя, асабліва ў шлюбны перыяд (адсюль назва). У Тайландзе спецыяльна трэніруюць для баёў. Самец будуе гняздо з паветраных бурбалак, у якое пераносіць у роце ікрынкі. Лічынкі ахоўвае. Выведзена шмат парод для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́М-ЧА́О-ПРА́Я, Менам, Чаўпхрая,
рака на паўвостраве Індакітай, самая вялікая ў Тайландзе. Даўж. каля 1200 км (ад вытоку гал. прытока М.-Ч.П. — р. Пінг — 1500 км), пл. басейна каля 150 тыс.км². Пачынаецца ў гарах на Пн краіны, цячэ па Менамскай нізіне, упадае ў Сіямскі зал. Паўд.-Кітайскага м., утварае дэльту. Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Паўнаводная летам, сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2700 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння рысавых палёў. Рыбалоўства. Суднаходная на 400 км (ад вусця р. Пінг), у паводкі на 750 км (ад г. Утарадыт). Сплаўная. У дэльце М.-Ч.-П. — г. Бангкок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора на З Ціхага ак., каля берагоў Усх.- і Паўд.-Усх. Азіі, паміж п-вамі Індакітай і Малака, а-вамі Калімантан, Палаван, Лусон і Тайвань. Пл. 3537 тыс.км². Найб.глыб. 5560 м. Найб. залівы — Бакбо (Танкінскі), Сіямскі. Найб.в-аў Хайнань. Т-ра вады на паверхні ў лют. 20—27 °C, у жн. 28—29 °C. Салёнасць 32—34‰. Летам і восенню часта ўзнікаюць тайфуны. Прылівы няправільныя, сутачныя і паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (тунцы, селядзец, сардзіны і інш.). Гал. парты: Бангкок (Тайланд), Хашымін, Хайфон (В’етнам), Сянган, Гуанчжоў (Кітай), Маніла (Філіпіны).