Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Расонскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1996 для аховы унікальных прыродных ландшафтаў і азёрных экасістэм у вытоках р. Дрыса. Пл. 13,398 тыс.га. Водна-ледавіковы тып рэльефу з абс.выш. 140—160 м, верхнія слаі антрапагенных парод прадстаўлены розназярністымі пяскамі. Шматлікія камавыя і озавыя формы, тэрмакарставыя катлавіны і лагчыны складзены з валунных марэнных суглінкаў і супескаў. У заказніку 21 возера, агульнай пл. 15 км². Іхтыяфаўна ляшчова-шчупаковая, 17 відаў рыб-абарыгенаў. Лясная расліннасць займае больш за 80% пл., у асн. хвойныя лясы. У флоры больш за 400 відаў вышэйшых раслін, з іх 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: баранец звычайны, вадзяны арэх плывучы, гарлянка пірамідальная, мякатніца адналістая, гідрыла кальчаковая. Фауна таежнага комплексу (9 відаў земнаводных, 5 — рэптылій, 122 — птушак, 28 — млекакормячых). Шмат глушца, цецерука, рабчыка, вальдшнэпа, дзіка, казулі, лася, бабра, куніцы, норкі, лісоў. У Чырв. кнізе Беларусі мядзведзь буры, рысь, сыч касматаногі, няясыць даўгахвостая, дзяцел трохпальцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. (Беларусь), на мяжы з Пскоўскай вобл. (Расія), у бас.р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,53 км², даўж. 4 км, найб.шыр. 1,44 км, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 1782 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзелена 2 астравамі (агульнай пл. 0,17 км²) і паўвостравам на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы выш. 10—15 м (на ПнУ 5—8 м) пясчаныя, пад лесам. На Пн і У тэраса выш. 1,2 м. Пойма шыр. 10—20 м, укрытая хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, моцна зрэзаныя, утвараюць многа невял. заліваў. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3,5 м, асабліва паўн. частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 20—30 м, да глыб. 2,2 м. У залівах паўн.-ўсх.ч. возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на ПнЗ) і Данское (на Пд). Турызму, зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЎЦЫ́,
возера ў Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 36 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,92 км², даўж. 2,58 км, найб.шыр. 0,3 км. Зарастае. Праз возера цячэ р. Дрыса (злучае яго з азёрамі Дрыса і Сіньша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,
від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т. л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс.га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́БА, Волаба,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².
Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз.Сіньша. Месца адпачынку і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́СА,
рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 183 км. Пл. вадазбору 6420 км². Выцякае з воз. Дрысы, цячэ на паўн.ч. Полацкай нізіны, праз азёры Астраўцы, Сіньша і Буза, вусце ў межах г. Верхнядзвінск. Асн. прытокі: Нешчарда, Нішча, Свольна (справа), Шчаперня і Дахнарка (злева). Даліна трапецападобная, месцамі скрынкападобная, ніжэй вусця р. Нішча на асобных участках невыразная, шыр. 200—500 м, у нізоўі — 1,5 км. Пойма нярэдка забалочаная, шыр. 100—500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 25—45 м. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак., доўжыцца каля 60 сут. Летне-асенняя межань каля 140 сут. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сак.—пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 45,6 м³/с. На рацэ г. Верхнядзвінск.
Рака Дрыса каля вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пн Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 14,9 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Расоны. Уключае 142 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дварышчанскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Марачкоўскі, Сакалішчанскі, Юхавіцкі, Янкавіцкі.
Тэр. раёна (б.ч.) у межах Полацкай нізіны, на УНешчардаўскае ўзвышша. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град, 50% яе на выш. да 125 м, 45% — 125—170 м. Найвыш. пункт 224 м (на З ад в. Забор’е). Нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 583 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Найб.р. Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Шмат азёр (27 рыбапрамысловых); найб. Нешчарда, Усвечча, Валоба, Сіньша, Расона, Дрысы, Межава, Межна, Шэвіна, Белае. Вадасховішча Клясціцкае на р. Нішча. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў (%): дзярнова-падзолістыя (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), тарфянабалотныя (10,9). Пад лесам 71% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя. Пад балотамі 49% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы: Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Межна. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Сіньша, Чырвоны Бор (часткова), біял. — Фаміно. Ахоўныя тарфянікі: Вусце, Глаты, Круча Ждань.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 32,4 тыс.га, з іх асушаных 11,5 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 8 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, лёну, бульбы, кармавых культур. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўняны вугаль), харч. (цэльнамалочныя вырабы, казеін і інш.), кааператыўнай прам-сці, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш. У раёне 7 сярэдніх школ-садкоў, 6 базавых (у т. л. 5 школ-садкоў), 2 пач. (у т. л. 1 школа-садок), 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. школы і школа мастацтваў, цэнтр пазашкольнай працы, 4 дашкольныя ўстановы, 19 клубаў, 21 б-ка, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 11 фельч.-ак. пунктаў. Музей баявой садружнасці ў г.п. Расоны. Помнікі архітэктуры: паркі каля в. Двор Чарэпіта (пач. 20 ст.) і ў в. Казімірава (2-я пал. 19 ст.) Гіст. помнікі: замчышча «Сокал» ва ўрочышчы Сокал, за 1,5 км ад в. Кульнёва пры зліцці рэк Дрыса і Нішча; мемарыяльны комплекс героям вайны 1812 і Вял.Айч. вайны 1941—45 г. (1991) у в. Клясціцы. Выдаецца газ. «Голас Расоншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;