Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКО́ДЭР (англ. vocoder),
сістэма тэлефоннай сувязі, у якой моўная інфармацыя перадаецца кадзіраванымі сігналамі. На перадавальным баку з дапамогай аналізатараў гуку моўныя сігналы пераўтвараюцца ў кадзіраваныя, на прыёмным — сінтэзатар узнаўляе з іх моўныя сігналы. Павялічвае прапускную здольнасць ліній сувязі ў 10—13 разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́КІНГ (Hawking) Стывен Уільям (н. 8.1.1942, г. Оксфард, Вялікабрытанія),
англійскі фізік-тэарэтык. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1974), Нац.АН ЗША (1992). Скончыў Оксфардскі (1962) і Кембрыджскі (1966) ун-ты. З 1965 у Кембрыджскім ун-це (з 1977 праф.). Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці, тэарэт. астрафізіцы і касмалогіі. Даказаў тэарэму аб сінгулярнасці прасторы-часу (тэарэма Х.—Пенроўза, 1960-я г.). Паказаў, што на пач. этапах эвалюцыі Сусвету маглі ўтварацца чорныя міні-дзіры (памерам з элементарную часціцу). У сярэдзіне 1970-х г. распрацаваў тэорыю «выпарэння» чорных дзір за кошт квантавых эфектаў і нараджэння пар часціц і антычасціц (выпрамяненне Х.). Аўтар шэрагу навук.-папулярных кніг. З 1962 паралізаваны, з 1985 страціў магчымасць маўлення, выкарыстоўвае камп’ютэрны галасавы сінтэзатар. Прэміі А.Эйнштэйна 1978, Вольфа 1988.
Тв.:
Рус.пер. — Крупномасштабная структура пространства-времени. Новокузнецк, 1998 (разам з Дж.Элісам);
Природа пространства и времени. Ижевск, 2000 (разам з Р.Пенроўзам);
Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр. СПб., 2001;