Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́
(каля 1721—1773),
заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.
т. 2, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МРЫ,
археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.
т. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫ́ДЫ,
дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГІ́ПІЯ,
антычны горад на ўсх. узбярэжжы Чорнага м. (на тэр. сучаснага г. Анапа, Расія). У старажытнасці тут было паселішча сіндаў (Сіндская гавань), у 6—5 ст. да н.э. ўзнік г. Сінд (Сіндыка). З 4 ст. да н.э. ў Баспорскай дзяржаве пад назвай Гаргіпія (у гонар Гаргіпа, правіцеля горада з дынастыі Спартакідаў). Буйны гандл.-рамесны цэнтр і важны апорны пункт Баспора. У Гаргіпіі былі храмы Артэміды Эфескай, Пасейдона і інш. У 2—3 ст. н.э. існаваў вял. рэліг. саюз суднаўладальнікаў, горад дасягнуў значнага росквіту. У 4 ст. прыйшоў у заняпад. З 1475 пад уладай Турцыі, ператвораны ў крэпасць Анапа, якая ў 1829 далучана да Расіі, з 1846 горад.
т. 5, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,
ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).
У.С.Кошалеў.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)