ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.

Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́РА (Іван Паўлавіч) (7.9.1885, в. Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 26.9.1966),

бел. селекцыянер-аматар, паслядоўнік І.​У.​Мічурына. Займаўся гібрыдызацыяй і адборам пладова-ягадных і дэкар. культур. Вывеў каля 500 сартоў яблыні (найб. вядомы названы яго імем «Памяць Сікоры»), каля 100 — груш, 70 — сліў, сарты ляшчыны, бэзу, руж і інш.

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)