ДЭЛІ́БЕС ((Delibes) Мігель) (н. 17.10.1920, г. Вальядалід, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. Акад. (з 1975). Іспанскай рэчаіснасці 1940-х г. прысвечаны раманы «Кіпарыс кідае доўгі цень» (1947), «Пакуль яшчэ дзень» (1949). У сац.-псіхал. творах адлюстраваў трагічны лёс асобы ў свеце сучаснай цывілізацыі. Гораду Д. проціпастаўляе прыроду і поўнае цяжкасцей сялянскае жыццё, якое, на думку пісьменніка, з’яўляецца апорай чалавечнасці: аповесць «Дарога» (1950), раманы «Пацукі» (1962), «Пяць гадзін з Марыо» (1966), «Войны нашых бацькоў» (1975) і інш. Аўтар зб-каў апавяданняў «Сіеста пры паўднёвым ветры» (1957), дарожных нарысаў «Раманіст адкрывае Амерыку» (1956) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МСУН (Hamsun; сапр.Педэрсен; Pedersen) Кнут
(4.8.1859, г. Лом, Нарвегія — 19.2.1952),
нарвежскі пісьменнік. Вёў вандроўніцкае жыццё, змяніў шмат прафесій. З 1911 жыў у Нарвегіі. У 1934 публічна выказаў сваю падтрымку нацыстам. У 1945 арыштаваны, у 1947 асуджаны за пасобніцтва ворагу. У ранніх раманах і аповесцях «Голад» (1890), «Містэрыі» (1892), «Новая зямля» (1893), «Пан» (1894), «Вікторыя» (1898), зб. навел «Сіеста» (1898), напісаных у традыцыях неарамантызму, адчуваецца ўплыў філас. ідэй Ф.Ніцшэ, Э.Сведэнбарга, А.Шапенгаўэра, С.К’еркегора, эстэтыкі А.Стрындберга, Ф.Дастаеўскага. У раманах «Пад восеньскай зоркай» (1906), «Бенані», «Роза» (абодва 1908), «Вандроўнік грае пад сурдзінку» (1909) дамінуюць матывы самотнага вандроўніцтва, беспрытульніцтва, пошуку шляхоў да зліцця з прыродай. Раманы «Апошняя ўцеха» (1912), «Дзеці свайго часу» (1913), «Мястэчка Сегельфос» (1915), «Плён зямлі» (1917; Нобелеўская прэмія 1920) вызначаюцца непрыняццем тагачаснай зах. цывілізацыі (за выключэннем нямецкай). Ідэі зліцця з прыродай і зямлёй развіваюцца ў раманах «Жанчыны каля студні» (1920), «Аўгуст» (1930), «А жыццё ідзе» (1933), «Кальцо замыкаецца» (1936). Аўтар драм. твораў «Каля брамы царства» (1895), «Гульня жыцця» (1896), «Вечаровая зара» (1898), «Манах Вэнт» (1902), зб-каў вершаў «Дзікі хор» (1904), мемуараў «На зарослых сцяжынках» (1949) і інш.