МЭ́РЫ БЭРД ЗЯМЛЯ́ (Marie Byrd Land),

частка тэр. Зах. Антарктыды, паміж шэльфавым ледавіком Роса на З і Зямлёй Элсуарта на У. Большая ч. тэрыторыі — паверхня ледавіковага плато, на якім пераважаюць вяршыні 1000—1500 м. Таўшчыня ледавіковага покрыва 1000—2000 м, у некаторых месцах дасягае 4000 м. Ложа ледавіка месцамі знаходзіцца ніжэй узр. м. на 500—1500 м. Трапляюцца месцы, дзе лёд запаўняе ўпадзіны, дно якіх знаходзіцца ніжэй узр. м. на 2000 м і больш. Каля ўзбярэжжа над ледавіковай паверхняй узвышаюцца нунатакі і горныя хрыбты (Эдсел-Форд, Хал-Флад, Эгзэк’ютыў-Каміты і інш.) выш. да 3000—4000 м. Найб. высокая вяршыня — г. Сідлі ў хр. Эгзек’ютыў-Каміты. Адкрыта амер. экспедыцыяй Р.Бэрда ў 1929. Названа ў імя жонкі нач. экспедыцыі. У 1957—72 дзейнічала навук. станцыя ЗША Бэрд.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах. ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб. выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс. км2) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб. глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб. выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.

Р.Р.Паўлавец.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)