Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе канала Вінец, каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г. Бяроза, 100 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 417 ж., 204 двары (2001). Лясніцтва, швейны цэх унітарнага гандл. прадпрыемства «Бярозаўскае». Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Дзевы Марыі (1795).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 75,4 тыс.чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Бяроза, г.Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.
Раён займае паўд.-ўсх.ч.Прыбугскай раўніны і паўн.-зах.Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс.га, з іх асушана 36,3 тыс.га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сцьспарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в.Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».