Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1777—1924 у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губ., потым у БССР. Цэнтр — г.Полацк. Утвораны 22.3.1777 у складзе Полацкай губерні. З 12.12.1796 у Беларускай губ., з 27.2.1802 у Віцебскай губ. Пасля 1861 у П.п. 16 валасцей: Аляксандраўская, Андрэеўская, Арцейкаўская, Банонская, Вазнясенская, Гомельская, Ефрасіннеўская, Замшанская, Лаўжанская, Мікалаеўская, Міхайлаўшчынская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Уладзімірская, Юравіцкая. Пл. каля 4,2 тыс.км².
У 1873 у П.п. каля 90 тыс.ж., у т. л. каля 17 тыс. у Полацку, 1,7 тыс. дваран, 53,6 тыс. сялян. Паводле перапісу 1897 каля 142 тыс.ж. У 1923 пасля ўзбуйнення валасцей у П.п. іх стала 13: Бухарынская, Валадарская, Воркавіцкая, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Сямёнаўская, Чырвонаармейская. З 3.3.1924 у БССР. 20.6.1924 далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЧ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).
У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав.ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.
Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.