Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НІКІ,
гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАЎ,
археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎРЫ,
курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІН,
дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял.стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.
Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПА́ЛЫ (Змітро) (Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).