Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Крупіцкім с/с Мінскага р-на. За 25 км на Пд ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Міханавічы. 498 ж., 162 двары (1995). Цэнтр эксперым. базы «Анопаль». Б-ка, клуб. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІТЭ́КТУРА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. Уключае больш за 1200 артыкулаў пра помнікі стараж. і сучаснага дойлідства, мемарыяльныя збудаванні, адметныя дасягненні горадабудаўнічага мастацтва, архітэктуру жылых і грамадскіх будынкаў, прамысл. і сельскую, палацавую і сядзібна-паркавую, замкавае і абарончае буд-ва, культавае дойлідства, населеныя пункты Беларусі; біягр. артыкулы; слоўнік арх. тэрмінаў. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, чарцяжамі, малюнкамі, картамі.
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАРО́Ў,
вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.
Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. Акупантамі.
т. 2, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРНІ́ЗГАЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Размешчана на паўн.-зах. ускраіне в. Двор Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе р. Ула. Комплекс у стылі позняга класіцызму ўключае 1-павярховы мураваны сядзібны дом (пашкоджаны ў 1944, адноўлены ў 1970), флігель, кухню, вяндлярню, 2 гасп. корпусы.
Тэрыторыя сядзібнай забудовы злучаецца з паркам невял. курцінамі з елак, хвой і клёнаў. Кампазіцыя парку (пл. 4 га) — прыклад перабудовы рэгулярнага парку ў пейзажны. Сярод насаджэнняў рэдкія ў рэспубліцы экзэмпляры бярозы далекарлійскай (выш. 17 м, дыяметр ствала 58 см) і кедра еўрап. калонападобнага (выш. 12 м, дыяметр ствала 48 см).
А.А.Міцянін.
т. 6, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НАК,
лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.
Я.М.Сахута.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)