Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬ,
горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыяРСДРП. У лют.—снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс.ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс.ж. З 29.4.1984 горад.
Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.